Алесь Зарэмбюк: Зараз прыярытэт – гэта дапамога палітвязням



У Варшаве 10-ць гадоў таму з’явіўся „Беларускі дом”. Нашы суседзі паспрыялі стварэнню месца, дзе беларусы, якія вымушаны былі пакінуць Радзіму, змаглі сустракацца і адаптавацца.

Пра ролю „Беларускага дому” мы паразмаўлялі з „Госцем Рацыі” Алесем Зарэмбюком:

РР: Колькі беларусаў звярнулася?

– У самы пік было 500 беларусаў.

РР: Аказваеце дапамогу?

– Дапамогу ў гэтым годзе мы аказваем у першую чаргу Беларусі. У мінулым годзе прыярытэт быў аказваць дапамогу тут. Зараз прыярытэт – гэта дапамога палітвязням і сем’ям унутры Беларусі. Тут таксама аказваем медыцынскую дапамогу, псіхалагічную рэабілітацыю. У мінулым годзе дапамагалі фінансава, у гэтым годзе значна менш. Таксама арганізоўваем курсы польскай мовы для беларусаў, якія толькі прыехалі.

РР: Якую медычную дапамогу вы аказваеце людзям?

– Калі людзі былі параненыя, пабітыя, ім трэба паправіць сваё здароўе. Накіроўваем іх да лекараў. Былі сітуацыі, калі кроў пералівалі і аперацыі рабілі людзям даволі дарагія. Каб чалавек мог вярнуцца да нармальнага стану здароўя і мог нармальна функцыянаваць. Але толькі для рэпрэсаваных беларусаў.

РР: Хто арганізаваў выставу? Чые гэта малюнкі?

– Выстава называецца „Абуджэнне Беларусі”. Яна была створана сучаснымі беларускімі мастакамі, якіх мы запрасілі ў лістападзе мінулага года на Падляшша, недалёка каля мяжы з Беларуссю. Яны цягам тыдня мелі там майстар-класы, працавалі з лектарамі, гэта былі і стрыт-артэры таксама. У рамках гэтага тыднёвага побыту ў Польшчы паўстала гэтая выстава. Яна складаецца з 66-ці вобразаў, карцін. Гэта тое, што адбываецца ў Беларусі сёння, учора, усё гэтае дзікунства, як гэта бачаць нашы беларускія творцы, беларускія мастакі. Гэтая выстава адлюстроўвае сучасны стан грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі і таго, што перажывае нашае грамадства. Тут і кайданкі і пясочны гадзіннік з бел-чырвона-белым сцягам, гэта татуіроўка з артыкулам 23.34, два дыктатары – усходні і наш, перапіс насельніцтва на Акрэсціна. Яна вельмі актуальная гэтая выстава. Жыве Беларусь, за кратамі, але жыве і будзе жыць!

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

З „Госцем Рацыі” Алесем Зарэмбюком размаўляла наша карэспандэнтка Ганна Васілевіч.

Беларускае Радыё Рацыя