Даследчыку беларускіх летапісаў і хронік споўнілася 85 год



Беларускаму крытыку, літаратуразнаўцу, культуролагу і даследчыку беларускіх летапісаў і хронік, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі Вячаславу Чамярыцкаму 22 ліпеня спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння.

Дарога ў жыццё і ў літаратуру пачалася ў Вячаслава Чамярыцкага з вёскі Рабкі Дзятлаўскага раёна, дзе ён нарадзіўся летам 1936 года. Маці была звычайнай хатняй гаспадыняй, а калі сям’я з Рабкоў пераехала ў Наваградак, пэўны час працавала на маслазаводзе. Бацька быў будаўніком, майстрам на ўсе рукі. Ён у 1937 годзе купіў каля Наваградка зруб, перавёз яго ў горад, а потым пабудаваў дом. Там сям’я Чамярыцкіх перажыла ўсе ліхалецці. Праўда, падчас вайны хлопчык Чэслаў пераважна быў у Рабках. Як прыгадвае сам Вячаслаў Антонавіч, вяскоўцы не так баяліся немцаў, як партызан, якія ноччу наведвалі сялянскія хаты і рабавалі: забіралі жывёлу, рэчы, харч. Нават аднойчы сялянская гаспадарка Чамярыцкіх моцна пацярпела ад начнога набегу партызан, якія прыставілі да сцяны дзядзьку Івана і забралі ў яго адзінага каня.

Пры немцах Вячаслаў Чамярыцкі пайшоў у школу, якая знаходзілася на ўскраіне Наваградку. Але хутка школу спалілі партызаны. А пасля вайны хлопчыка запісалі ў другі клас беларускай школы, якая неўзабаве стала працаваць у будынку былой Наваградскай беларускай гімназіі, у якой яшчэ ў 1920-я гады вучыўся Барыс Кіт і выкладаў Язэп Драздовіч.

Вячаслаў Чамярыцкі за рабочым сталом у Інстытуце літаратуры

На летніх канікулах хлопчык Вячаслаў часам падаваўся да дзядзькі ў родную вёску, дзе пасвіў кароў, дапамагаў па гаспадарцы, лавіў рыбу і ракаў у чыстай Ятранцы, якая бярэ пачатак недалёка ад Валеўкі і ўпадае ў раку Моўчадзь каля Наваельні. Да Рабкоў даязджаў па вузкакалейцы, якая была пракладзена яшчэ ў час Першай сусветнай вайны з Любчы да Наваельні праз Наваградак. Але і на вёсцы жыць было няпроста, асабліва тады, калі ў канцы 1940-х гадоў сялян сагналі ў калгасы.

Зусім непісьменная мая маці круцілася, як магла, хацела, каб я добра вучыўся, казала мне: вучыся, сынок, панам будзеш”, – узгадвае Вячаслаў Антонавіч, – і я стараўся, бо даволі рана зразумеў, што навука сапраўды дапаможа ўзбіцца хоць і не заўсёды на панскае, але на больш людское. Памятаю, як толькі навучыўся чытаць, палюбіў кнігу. Чытаў запоем, балазе, што ў школьнай і ў гарадской бібліятэках было нямала літаратуры. На руках жа ў людзей, па хатах, пападаліся рэдкія кнігі на польскай і беларускай мовах, творы Адама Міцкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, розныя заходнебеларускія выданні. Паступова ў мяне ўзрастала асаблівая, патрыятычная цікавасць і цяга да гісторыі і культуры Беларусі, да беларускай літаратуры і роднага слова. Гэтаму спрыялі і само асяроддзе горада, дзе тады паўсюдна яшчэ чулася беларуская гаворка, старасвецкія муры некалі магутнага замка, дзе рэхам аддаваліся галасы далёкіх гераічных стагоддзяў, імя славутага Адама Міцкевіча, а таксама цалкам беларускамоўнае асяроддзе роднай вёскі, дзе былі закладзены асновы маёй беларушчыны”.

У 1953 годзе Вячаслаў Чамярыцкі паступіў на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. А пасля заканчэння яго, паехаў па размеркаванні настаўнічаць у Вілейскі раён, потым перабраўся ў Маладзечна, дзе адпрацаваў інспектарам райана. І ў 1962 годзе падаўся ў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі. Ужо тады стаў сур’ёзна цікавіцца новай беларускай літаратурай, захапляцца творчасцю Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Аднак унікальная “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” Вацлава Ластоўскага рашуча схіла юнака навуковыя інтарэсы ўбок старажытнай літаратуры.

У 1967 годзе Вячаслаў Чамярыцкі абараніў кандыдацкую дысертацыю пра беларускія летапісы і хронікі. Яна лягла ў аснову ягонай манаграфіі “Беларускія летапісы як помнікі літаратуры” (1969 г.), якая стала першай грунтоўнай працай пра гэтыя каштоўныя помнікі беларускага летапісання, падрыхтаваная па-беларуску беларускім вучоным. Набыты даследчыцкі вопыт даў Вячаславу Чамярыцкаму магчымасць плённа ўдзельнічаць у падрыхтоўцы да друку тэкстаў беларускіх летапісаў і хронік у вядомай акадэмічнай серыі “Поўны збор рускіх летапісаў”, куды яго прыцягнуў знакаміты гісторык Мікола Улашчык. Вячаслаў Чамярыцкі падрыхтаваў і ў 35 томе (1980 г.) упершыню апублікаваў выдатны помнік летапісання Беларусі эпохі Барока – Магілёўскую хроніку (у арыгінале, на польскай мове). Па яго ініцыятыве і пры яго непасрэдным удзеле быў пачаты пераклад на сучасную беларускую мову і публікацыя для шырокага чытача, спачатку ў часопісе “Спадчына”, летапісных помнікаў Беларусі. А ў 1997 годзе яны выйшлі асобным выданнем у мінскім “Беларускім кнігазборы”.

Вячаслаў Чамярыцкі з’яўляецца адным з аўтараў першых навуковых гісторый нашай нацыянальнай літаратуры на беларускай і рускай мовах, 3 і 4 тамоў «Истории всемирной литературы” (Масква, 1985, 1987), кнігі пра Францыска Скарыну, якая была выдадзена ў Парыжы на французскай і англійскай мовах, плённа ўдзельнічаў у распрацоўцы і выкананні вялікай Скарынаўскай праграмы, за што быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, а ў 1994 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. А восенню 1992 года ён прымаў удзел у Скарынаўскай канферэнцыі ў Венецыі і ў Падуі.

Калегі Інстытута літаратуры (злева направа) Генадзь Кісялёў, Вячаслаў Чамярыцкі, Сяргей Гаранін, Уладзімір Мархель, сакавік, 1999 г

Адам Мальдзіс і Вячаслаў Чамярыцкі на беларуска-італьянскай канферэнцыі прысвечанай Францыску Скарыну 21 кастрычніка 1992 года

Вельмі плённымі ў навукова-творчай біяграфіі Вячаслава Чамярыцкага былі 1990-я гады, а таксама пачатак ХХI стагоддзя, калі ён узначальваў у Інстытуце літаратуры аддзел гісторыі старажытнай і новай беларускай літаратуры. Пад кіраўніцтвам Вячаслава Антонавіча і пры яго непасрэдным удзеле паспяхова выконваліся важныя навуковыя праекты, рыхтаваліся кандыдацкія дысертацыі па даўняй беларускай літаратуры, вырашаліся складаныя праблемы беларускага літаратуразнаўства. Нямала часу і сіл было аддадзена рэдагаванню і рэцэнзаванню розных навуковых прац, падрыхтоўцы да выдання помнікаў літаратурнай спадчыны, напісанню шматлікіх артыкулаў для беларускіх энцыклапедый, навукова-арганізацыйнай і культурна-асветніцкай працы.

Выдатным дасягненнем таленавітага калектыву навукоўцаў, якім кіраваў Вячаслаў Чамярыцкі, сталі падрыхтоўка і выданне “Гісторыі беларускай літаратуры XIXIX стагоддзяў” у двух тамах і “Анталогія даўняй беларускай літаратуры”. Гэта шмат у чым новыя і арыгінальныя, сапраўды этапныя працы як паводле багацця выкарыстанага фактычнага матэрыялу, так і паводле сваёй навуковай канцэпцыі і грунтоўнасці выкладу. Яны, смела магу адзначыць, з’яўляюцца важкім плёнам удумлівых навукова-даследчых распрацовак іх аўтараў і лепшых дасягненняў усяго айчыннага літаратуразнаўства ў вывучэнні тысячагадовай пісьмовай спадчыны беларускага народа. Гэтыя працы – годнае падсумаванне і ўласных шматгадовых навуковых штудый асабіста Вячаслава Чамярыцкага ў галіне гісторыі даўняй беларускай літаратуры.

З юбілеем Вас, Вячаслаў Антонавіч! Здароўя Вам, творчых сіл і дабра!

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара