Тэхнічны стан купала базілікі ў Будславе прызнаны аварыйным



Расколіны ў ім павялічваюцца, і таму патрэбна ўсталяванне страховачных канструкцый і ўмацаванне, піша Catholic.by.

Павялічваюцца расколіны таксама ў скляпенні правай навы.

На жаль, пасля пажару небяспека не знікла. Адсутнасць даху і ўмовы надвор’я выклікаюць насычэнне вільгаццю цаглянай кладкі скляпенняў і сцен пад імі, што можа ў далейшым прывесці да страты атынкоўкі з каштоўным фрэскавым жывапісам. Гаворка ідзе пра славутыя будслаўскія «аптычныя алтары».

Для таго, каб прадухіліць гэтыя працэсы, была зроблена абарона будынка ад дажджу з падручных матэрыялаў з арганізаваным водаадводам за межы будынка.

Гэта знізіла магчымасць далейшых пашкоджанняў, але не выключыла яе цалкам.

Адна з цяжкасцей, з якой у ходзе працы сутыкнуліся спецыялісты, — гэта практычна поўная адсутнасць архіўных матэрыялаў па будынку касцёла. Раней не праводзілася яго комплекснае навуковае вывучэнне, у тым ліку і архітэктурна-рэстаўрацыйныя абмеры.