У Глыбокім пачаўся дзявяты па ліку „Вішнёвы фэст”



Першы дзень фэсту стартаваў з семінара “Разумныя гарады Беларусі – шляхі да развіцця”, выставачных праектаў і прэзентацый на тэму авіяцыі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Таксама адбылася сустрэча “У гасцях у вішнёвай каралевы” і гашэнне паштовай маркі ў гонар фэсту.

Разынкай жа для дзяцей і моладзі стаў конкурс паветраных змеяў. На яго завіталі нават прафесары з Менску. Як кажа прафесар фізікі, які сам раней займаўся канструяваннем паветраных змеяў, арганізатары не зусім добра абралі месца для запуску змеяў, таму яны і не ляцелі высока ў паветра. Яму нават за гэта стала крыўдна:

– Тут дрэвы ствараюць турбулентны паток, замест такога пастаяннага ламінарнага. Таму трэба было пачынаць там, дзе стаіць жоўты слуп. Прычым трэба як рабіць, трэба, каб ён хутка бег. Трэба падняцца вышэй, дзе ламінарны паток паветра. Тут атрымліваецца, то так, то так – і яны стаяць тут, ну няправільна ўсё. 

Як заўважыла госця з Менску, прыехаць на “Вішнёвы фэст” у Глыбокае ім параілі сябры. Пасля яны паглядзелі праграму, палічылі яе вельмі прадуманай, замовілі гатэль і вырашылі наведаць усе тры дні фэсту. Але ў першы дзень у яе ўзніклі заўвагі і пажаданні да арганізатараў:

– Праграма гэтага фэсту вельмі прадуманая. Другое пытанне, што мне не хапае ўсё ж такі, каб была арганізацыя. Ну, пастаўце тут, каб музыка была, каб людзі ведалі куды ісці, можа быць лаўкі арганізаваць. Калі б гарадскія ўлады маглі арганізаваць тут хаця б халодныя напоі. Як на Захадзе, калі свята, то вакол антураж: музыка, продаж цукерак, газіраванай вады, для дзяцей нейкія сувеніры. Трэба ж казну таксама папаўняць.

І сапраўды, у першы дзень урачыстай цырымоніі адкрыцця фэсту ні на цэнтральнай плошчы, ні каля пляцоўкі, дзе запускалі паветраных змеяў, не было гандлёвых намётаў з ежай і напоямі. Ды і ўсе намёты з прэзентацыйнымі стэндамі касмічна-авіяцыйных і інавацыйных тэхналогіяў для разумных гарадоў былі ўжо згорнутыя. Мала было і наведвальнікаў самаго свята.

Жыхары і госці Глыбокага спадзяюцца, што другі і трэці дні фестывалю ўразяць іх больш.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя