Андрэй Шарэнда: Паліна просіць, каб працягвалі змагацца
Беларускім палітуцякачам складаней перасекчы мяжу Беларусі з Літвой, чым нелегальным мігрантам з іншых краінаў.
Пра гэта кажа грамадскі актывіст Андрэй Шарэнда, які збег з-пад хатняга арышту ў Вільню:
– Пераходзілі мы ўдвох уначы, з дзяўчынай Вольгай Паўлавай. З мяжы, дзе пачынаецца памежная зона, нас толькі туды можна было бяспечна падкінуць. Шлях быў даўжынёй у чатыры гадзіны 10 кіламетраў. За намі зайшла група мігрантаў, але ў іх усё выглядае прасцей, падвозяць наўпрост да мяжы. Наш шлях расцягнуўся на некалькі гадзін, а ў нелегальных мігрантаў займае некалькі хвілін.
У аўторак, 27 ліпеня будзе разглядацца касацыйная скарга па справе палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк. Паседжанне пройдзе ў Берасцейскім абласным судзе. Маці двух малалетніх сыноў 201-ы дзень у няволі. Але нават за кратамі яна працягвае змагацца, кажа муж Паліны, грамадскі актывіст Андрэй Шарэнда.
– Тое, што на яе нары павесілі біркі экстрэміста. Яна ўсяляк стараецца дапамагчы палітвязням, якія зараз знаходзяцца побач з ёй. Дапамагае пісаць скаргі, проста падтрымлівае ўсіх, хто там ёсць. Настрой у яе бадзёры, яна верыць, што перамовы сапраўды блізка, што ўсім сядзець засталося зусім нядоўга. Просіць, каб працягвалі змагацца, галоўнае не спыняцца, як яна заўсёды кажа.
На думку Андрэя Шарэнды, „зачыстка” грамадзянскай супольнасці, якую абвесціў рэжым Лукашэнкі, адбываецца па загадзе Расеі і ў сувязі з падрыхтоўкай рэферэндуму па змене Канстытуцыі Беларусі. Актывіст заклікае патрыётаў рыхтавацца да абароны незалежнасці.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Па словах Шарэнды, літоўскія памежнікі добра паставіліся да беларускіх уцекачоў, пасялілі ў тым жа інтэрнаце, дзе жывуць самі. Пазней з імі звязаліся прадстаўнікі беларускай дыяспары, у прыватнасці, віленская арганізацыя „Дапамога”. Варта дадаць, што жонка Андрэя, палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца за кратамі 201-ы дзень. Двое малых дзяцей Шарэндаў застаюцца ў бяспечным месцы, бацька спадзяецца пабачыць іх у бліжэйшы час, а пакуль штодзень кантактуе з сынамі праз інтэрнэт.
Беларускае Радыё Рацыя