Ён працаваў у Наваградскай і Клецкай беларускіх гімназіях



Беларускаму дырыжору, кампазітару, педагогу, былому выкладчыку Наваградскай, Клецкай беларускіх гімназій і Гарадзенскага педінстытута імя Янкі Купалы Антону Валынчыку (1896-1985) 23 ліпеня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння.

Родам Антон Валынчык быў з вёскі Мяльканавічы Слонімскага раёна.

Пасля заканчэння Жыровіцкай духоўнай семінарыі быў прызваны ў войска, дзе 19-гадовым юнаком кіраваў салдацкім хорам. Пасля войска вярнуўся на радзіму і ў перыяд з 1939 па 1947 гады працаваў выкладчыкам музыкі і спеваў у рэальным вучылішчы ў Лунінцы, пасля ў Клецкай беларускай гімназіі, потым у Наваградскай беларускай гімназіі, а таксама ў беларускай настаўніцкай семінарыі ў Слоніме.

У 1937 годзе Антон Валынчык завочна скончыў Вышэйшыя музычныя курсы Варшаўскай кансерваторыі пры Крамянецкім музычным ліцэі. У гады Другой сусветнай вайны жыў у Слоніме, дзе кіраваў рознымі царкоўнымі хорамі.

На фота: Мемарыяльная шыльда на будынку Гарадзенскага ўніверсітэта

Пасля вайны быў мастацкім кіраўніком Беларускага міжабласнога ансамбля песні і танца ў Ашмянах. Каб пазбегнуць рэпрэсій, супрацоўнічаў з хорамі праваслаўных храмаў у Клецку, Наваградку, Слоніме, Жыровічах і Менску. З 1961 года жыў у Гародні. Там ён узначальваў кафедру музыкі і спеваў Гарадзенскага педінстытута, адначасова працаваў хормайстрам Гарадзенскага народнага ансамбля песні і танца «Нёман» (ад кіраўніцтва якога пасля быў адхілены савецкай наменклатурай) і мастацкім кіраўніком Гарадзенскай народнай харавой капэлы настаўнікаў. Кансультаваў, як хормайстар, многія харавыя капэлы Гарадзеншчыны. Увасабляў у канцэртных праграмах творы І. Баха, Л. Бетховена, П. Чайкоўскага, Ф. Шуберта, С. Манюшкі, К. Вебера. Апрацоўваў беларускія народныя песні. Пісаў і рыхтаваў для выканання свае песні і хоры на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Адама Русака, Петруся Броўкі, Ларысы Геніюш і іншых беларускіх паэтаў. Практыкаваў у хорах выкананне ў стылі «а капэла».

 

На фота: Віншавальная тэлеграма ад прафесара Міколы Грынчыка

На фота: Кніга Сяргея Чыгрына пра Антона Валынчыка

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фотаздымкі з архіва аўтара