Трэці месяц у Івацэвічах разглядаецца крымінальная справа супраць Вольгі Кронды
У Івацэвіцкім судзе ўжо трэці месяц разглядаецца крымінальная справа супраць маці-адзіночкі Вольгі Кронды, якую ўзбудзілі больш паўгода таму па заяве мясцовага міліцыянта Руслана Куцко.
Ахоўніка рэжыма абразіў надпіс пад яго здымкам у інтэрнэце “знаёмая морда” і смайлік, які азначае пірожнае. Надпіс і смайлік былі астаўлены Вольгай Крондай пасля выбараў 2020 года. Гэтая справа не цягне нават на адміністрацыйную, кажа сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі:
– У яе ёсць праблема – лячыць дзіця, а яна пад падпіскай аб нявыездзе. І кожны раз гэта праблема – вывезці дзіця на абследаванне. І прытым не толькі заведзена крымінальная справа, а пакрыўджаны міліцыянт не захацеў, каб суд быў адкрытым, па яго хадаўніцтву суд закрыты, і пры гэтым чалавек патрабуе ад сваёй крыўдзіцелькі аж 2000 рубляў.
Жанчына задаволена ўжо тым, што нарэшце суддзя і пракурор прыслухаліся да яе адваката і дазволілі выклікаць у суд эксперта, які рабіў лінгвістычную экспертызу. Паводле Вольгі, яе адвакат давёў да суда, што экспертыза зроблена некарэктна і патрэбна зрабіць яе паўторна. Суд працягнецца 3 жніўня.
Беларускае Радыё Рацыя