Выстава “Сувязь са спадарожнікамі страчана” ад Алякандра Саенкі



Вядомы гарадзенскі фатограф-фрылансер Аляксандр Саенка адкрыў у Цэнтры гарадскога жыцця выставу пад назваю “Сувязь са спадарожнікамі страчана”. На выставе фатограф прадставіў фотаздымкі лесу – месца, якое яму дапамагае ў адзіноце.

Распавядае аўтар:

– Мае сябры з’ехалі, мая каманда распалася. Мне стала вельмі самотна, і замест таго, каб ісці да псіхатэрапеўта, я пайшоў у лес. То бок гэта для мяне такі своеасаблівы дзэн. Я па жыцці вельмі актыўны, мне вельмі складана расслабіцца. І я расслабляюся толькі ў руху. Я пакідаю для сябе заўсёды нейкі шанец, надзею  на будучыню.

Па словах Аляксандра, зараз у Беларусі наступіў вельмі цяжкі час для фатографаў:

– Вельмі-вельмі складана. Працы няма. Займаюся толькі асабістымі мастацкімі праектамі.

РР: У вас нядаўна быў ператрус. Як усё адбывалася?

– Усё было культурна. У мяне забралі два тэлефоны, два старых фотаапараты і флэшку. Пасля быў невялікі допыт.

Выстава Саенкі ў Гародні будзе працягвацца да 12 жніўня, і ў любы з будніх дзён можна будзе паглядзець яго бачанне Румлёўскага лесу, што ў Гародні.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Сяргея Апановіча