Супраць Алены Гнаўк пачалі крымінальную справу за абразу прэзідэнта (абноўлена)



Пра гэта ўдзельніца леташніх акцыяў пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў Алена Гнаўк паведаміла сама на сваёй старонцы ў Instagram:

– Мне не падабаецца тое, што зараз робіцца. І справа не ў тым, што жыла-жыла, да 60 гадоў дажыла і тут стала цікавіцца палітыкай. Я прыйшла, скажам, з вялікай палітыкі. Я ёю займалася яшчэ ў маладосці. Проста быў перапынак, калі я зразумела, што тое, што мы рабілі, тымі спосабамі, мы не зможам памяняць сістэму. Што трэба нейкі другі шлях. І гэта было маё шуканне самой сябе. І дзесьці ў 95-м годзе я канчаткова выйшла з вялікай палітыкі і стала на шлях духоўнасці.

Алену Гнаўк неаднаразова затрымлівалі і каралі за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Таксама, за «карагодную» справу, жанчыне прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі». У 2011 годзе, паводле рашэння суда Берасцейскага раёна, брашура ейнага аўтарства была прызнана экстрэмісцкім матэрыялам і ўнесена ў адпаведны спіс.

Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Супраць берасцейскай 64-гадавай актывісткі Алены Гнаўк, якую 2,5 месяцы таму асудзілі па „справе карагодаў”, пачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта).

Як яна распавяла на сваёй старонцы ў інстаграме, у пастанове аб узбуджэнні крымінальнай справы адзначаецца, што яна „знаходзячыся ў зале 201 „Дома правасуддзя”, выказалася фразай, якая змяшчае негатыўную ацэнку і з’яўляецца абразлівай у адносінах да дзеючага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, чым публічна абразіла яго”. Як апісвае сітуацыю сама актывістка, на разглядзе „справы карагодаў”, дзе яна выступала ў якасці абвінавачванай, яна сказала: „9 жніўня мінулага года ўладу захапіў не зусім здаровы псіхічна чалавек…”

Падставай да ўзбуджэння крымінальнай справы стала заява аднаго з ахоўнікаў Ленінскага РАУС Берасця, які знаходзіўся на судзе. Па ч. 1 арт. 368 КК пенсіянерцы можа пагражаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да чатырох гадоў.

На гэты момант Алена з’яўляецца падазраванай, але ў панядзелак, 26 ліпеня, яе зноў выклікалі ў Следчы камітэт Берасця. Актывістка мяркуе, што там ёй могуць прад’явіць абвінавачванні. Справу Гнаўк вядзе следчы А. А. Мілеўскі.

Алену Гнаўк 7 траўня асудзілі па „справе карагодаў” па ч. 1 арт. 342 КК да двух гадоў „хатняй хіміі”. Заўтра, 24 ліпеня, яе выклікаюць у службу выканання пакаранняў, бо прысуд уступае ў сілу.

spring96.org