Amnesty International зрабіла жорсткую заяву па апошніх падзеях у Беларусі



„Беларускія ўлады павінны неадкладна перагледзець рашэнні аб ліквідацыі НДА”,– заявіла дырэктар Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразерс, каментуючы паведамленні аб рашэнні ўладаў краіны ліквідаваць больш за 40 арганізацыяў грамадзянскай супольнасці. «Беларускія ўлады праводзяць беспрэцэдэнтныя і ўсё больш жорсткія атакі на грамадзянскую супольнасць, выкарыстоўваючы ўсе інструменты для пераследу за мірнае іншадумства, – заявіла Стразерс. – Пасля масавых арыштаў праваабаронцаў і актывістаў у пачатку мінулага тыдня ўлады цяпер ліквідуюць дзясяткі крытычна важных для грамадзянскай супольнасці арганізацый, цалкам ігнаруючы свае абавязацельствы ў галіне правоў чалавека ў адпаведнасці з міжнародным правам». Больш за 40 няўрадавых арганізацыяў, у якіх 14 ліпеня прайшлі ператрусы, знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. Гэта вынікае з дадзеных Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. У ліку такіх няўрадавых арганізацый тыя, што займаюцца дабрачыннасцю, экалогіяй, дапамогай людзям з інваліднасцю і пытаннямі культуры.

Беларускае Радыё Рацыя