Выйшаў з друку адрыўны каляндар “Родны край” на 2022 год
Менскае выдавецтва “Беларусь” парупілася загадзя і выпусціла беларускі адрыўны каляндар “Родны край” на 2022 год. Каляндар ужо прадаецца ў кнігарнях Беларусі. Наклад яго 4000 асобнікаў.
На старонках календара аматары беларускай гісторыі і культуры знойдуць цікавыя звесткі пра жыццё і дзейнасць знакамітых асоб Беларусі – юбіляраў 2022 года: вучоных, пісьменнікаў, акцёраў, мастакоў, архітэктараў, дасягненні якіх сталі гонарам краіны. Сярод якіх – 100-годдзе даследчыка літаратуры Уладзіміра Калесніка, 75-годдзе паэта Юркі Голуба, 120-годдзе балетмайстра Івана Хвораста, 80-годдзе гісторыка Міхася Ткачова, 100-годдзе драматурга Алеся Махнача, 155-годдзе заснавальніка беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі Мітрафана Доўнар-Запольскага, 320-годдзе дзяржаўнага дзеяча Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі, 120-годдзе паэта Язэпа Пушчы, 90-годдзе скульптара Анатоля Анікейчыка, 140-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа, 100-годдзе кампазітара Генрыха Вагнера, 85-годдзе паэта Міколы Купрэева і іншыя.
Значнае месца ў календары займаюць матэрыялы на тэмы выхавання дзяцей і медыцыны, спорту і турызму, прыроды і экалогіі, здаровага ладу жыццця і правільнага харчавання, падабраныя з улікам сучасных даследаванняў вучоных.
Аматары паэзіі прачытаюць неўміручыя вершаваныя радкі класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Паўлюка Труса, Уладзіміра Дубоўкі, Цішкі Гартнага і іншых літаратараў.
Склалі каляндар Алеся Даўгушова і Таццяна Мартыненка.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя