Ідзе татальная «зачыстка»: уладамі ліквідуюцца больш за 50 НДА 



Раніцай 23 ліпеня прадстаўнікі дзясяткаў некамерцыйных арганізацый выявілі, што іх установы фактычна ліквідаваныя. За тыдзень да гэтага ў офісах арганізацый прайшлі ператрусы, а ўлады некалькі разоў пагражалі, што «грамадзянская супольнасць перастане існаваць», калі Захад будзе ўзмацняць санкцыі супраць Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка за дзень да масавай ліквідацыі НКА заявіў, што ў краіне дзейнічаюць «пад дзве тысячы» «НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў».

Поўны спіс некамерцыйных арганізацый, якія ліквідуюць улады, апублікаваны на праваабарончым сайце spring96.org.   У іх ліку арганізацыі, якія займаюцца дабрачыннасцю, гісторыка-культурнай дзейнасцю, экалогіяй, дапамогай людзям з інваліднасцю.

Сярод ліквідуемых арганізацый апынуліся, між іншым, –  Цэнтр даследаванняў і прагнозаў развіцця „Еўрапейскі дыялог”, які ўзначальвае Анатоль Лябедзька; культурна-асветніцкі праект „Арт Сядзіба”; сацыяльна-культурная ўстанова развіцця беларускай мовы і культуры „Мова нанова”.

Раней стала вядома, што Міністэрства юстыцыі Беларусі падало пазоў аб ліквідацыі Беларускага ПЭН-цэнтру. 21 ліпеня з’явілася інфармацыя, што Міністэрства юстыцыі Беларусі вырашыла ліквідаваць Беларускую асацыяцыю журналістаў (БАЖ). Адпаведны пазоў міністэрства знаходзіцца ўжо ў Вярхоўным судзе.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Белсат