Х фестываль „Культура без межаў” прайшоў без удзелу калектываў з Беларусі



У Сямятычых прайшоў Х фестываль „Культура без межаў”. Хоць было гэта юбілейнае мерапрыемства, не адбыўся „Кірмаш памежжа”, які карыстаўся вялікай папулярнасцю. На сцэне перад музычнай школай у Сямятычах выступілі чатырнаццаць падляшскіх калектываў. Фестываль „Культура без межаў” прайшоў без удзелу гуртоў з Беларусі.

З-за  гэтага цярпіць не толькі публіка, але і беларуская культура на Падляшшы, – кажа старшыня БГКТ Янка Сычэўскі:

– Гэта будзе мець адмоўны ўплыў на развіццё нашай культуры, на развіццё нашых калектываў, на багацце прафесійнага выканання і на багацце нашага фальклору, які мы прэзентуем са сцэны. Так што бяда. Гэта даказвае, што калі палітыка змешваецца з культурай – вынік адмоўны. Вельмі дрэнны. А церпяць ад гэтага і калектывы, і публіка.

Фестываль „Культура без межаў” дзясяты раз запар зладзіла Беларускае грамадска-культурнае таварыства.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя