На Століншчыне пачаўся міжнародны пленэр ганчароў



На Берасцейшчыне ў вёсцы Гарадная Столінскага раёна пачаўся VII міжнародны пленэр ганчароў, які будзе трываць па 2 жніўня. Сёлета з-за пандэміі ён праходзіць у скарочаным фармаце, але арганізатары не адмовіліся ад традыцыйных мерапрыемстваў: конкурсаў для мастакоў, майстар-класаў ды кірмашу.

Па словах удзельніка пленэра з-пад Менска, рамесніка Дзяніса Вайтовіча, пленэр у Гарадной – гэта добрая пляцоўка для абмену досведам:

–  Хараство ў тым, што вельмі важна перыядычна адчуваць пачуццё асабістай мізэрнасці. Я ў  сябе недзе лакальна знаходжуся – ды я нічога сабе, малайчына. А калі прыязджаеш сюды, бачыш, якія майстры тут працуюць, бачыш працы на выставе, цябе проста ніжэй за плінтус апускаюць. І гэта цудоўны стымул для развіцця.

Дарэчы, вёску Гарадную называюць радзімай беларускага ганчарнага промыслу. Тут дзейнічае Цэнтр і музей ганчарства.

Беларускае Радыё Рацыя