Рыгору Кастусёву трэці раз адмовілі ў змене меры стрыманьня на хатні арышт



Паплечнікі старшыні БНФ Рыгора Кастусёва атрымалі датаваны 20 ліпеня ліст ад кіраўніка партыі, які цяпер ізноўку пераведзены пад варту ў СІЗА КДБ («Амерыканка») у Менску. Палітык паведамляе, што следчыя ўжо ў трэці раз адмовіліся замяніць яму меру стрымання на хатні арышт, нягледзячы на праблемы са здароўем.

Нагадаем, што з прычыны пагаршэння стану здароўя (праблемы з сэрцам, ціскам, ацёкі, дыхавіца) Рыгор Кастусёў з пачатку ліпеня быў пераведзены ў медычны корпус СІЗА МУС на Валадарскага. Па словах палітыка, там умовы дазволілі яму крыху ачуняць ад вельмі суровага рэжыму ўтрымання ў “Амерыканцы”, прынамсі, палітык піша, што паспеў надыхацца ўдосталь свежым паевтрам. Аднак у сярэдзіне ліпеня дачка Рыгора Кастусёва Кацярына распавяла, што аналізы паказваюць на падазрэнне ў бацькі анкалагічных захворванняў.

Тым не менш, у змяненні меры стрымання палітыку было адмоўлена. У лісце, які датаваны 20 ліпеня, Рыгор Кастусёў адзначае, што кіраўнік следчай групы, які вядзе крымінальную справу, ужо ў трэці раз адмовіў у пераводзе абвінавачанага палітыка пад хатні арышт, адпваедныя хадайніцтвы адваката таксама былі адхіленыя. Пры гэтым аніякіх следчых дзеянняў з удзелам Рыгора Кастусёва пад вартай ужо даўна не праводзіцца. Расследванне крымінальнай справы па “змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады” працягнутае да кастрычніка.

Рыгор Кастусёў у лісце наракае на інфармацыйную ізаляцыю – некаторыя лісты паплечнікаў па партыі так і не даходзяць да адрасата па незразумелых прычынах. Дазвол на размяшчэнне ў камеры тэлепрыймача Рыгору Кастусёву адміністрацыя СІЗА па-ранейшаму не дае. “Інфармацыйны вакуум: ні тэлевізара, ні газет”, – піша Рыгор Кастусёў у лісце ад 20 ліпеня.

Напісаць ліст падтрымкі старшыні БНФ у зняволенні можна на гэты адрас:

220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, Кастусёву Рыгору Андрэевічу

novychas.by