27 ліпеня – дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі (абноўлена)



27 ліпеня 1990 года была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Амаль праз год, 25 жніўня яна набыла моц канстытуцыйнага закону. Якая дата болей пасуе для Дня Незалежнасці ў новай Беларусі?

Разважае былы беларускі пасол у Аргентыне, сябра Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Уладзімір Астапенка:

– Трэба прааналізаваць усе магчымыя даты. Можа, гэта будзе дата вызваленне краіны ад дыктатара Лукашэнкі, можа, гэта будзе дата падпісання пагаднення пра Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Можа, мы зноў вернемся да 25 сакавіка як першай даты, якая стала падмуркам будавання беларускай дзяржавы. Зразумела, што дата 3 ліпеня штучна навязаная беларускаму грамадству. Але я спадзяюся, што ў будучым мы зможам з гэтай памылкай разабрацца і ўстановім такую дату, якую будзем святкаваць з усім народам у суверэннай і незалежнай Беларусі.

Выбраць слушную дату для Дня Незалежнасці павінен сам беларускі народ, дадае Уладзімір Астапенка.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя ***

27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў дэкларацыю пра дзяржаўны суверэнітэт Беларусі. Праз год – 25 жніўня 1991 года гэты дакумент атрымаў канстытуцыйны статус.

фота 27 ліпеня 1992 года. Дэманстрацыя на дзень Незалежнасці ў Менску ( з кнігі Сяргея Навумчыка „Сем гадоў адраджэння”)

Гэтую гістарычную дату – 27 ліпеня адзначалі з 1992-га па 1995-ы год. У гэты перыяд краіна атрымала новую назву, вярнула гістарычныя дзяржаўныя сімвалы, прыняла Канстытуцыю краіны і абрала першага прэзідэнта Беларусі.

19 верасня 1991 года быў прыняты закон пра назву Рэспублікі Беларусь. Бел-чырвона-белы сцяг і герб „Пагоня” сталі дзяржаўнай сімволікай.

У 1996 годзе кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка пасля незаконнага антыканстытуцыйнага рэферэндума перанёс свята на 3 ліпеня – дзень вызвалення Менску ад фашыстаў.

Сённяшнія дзяржаўныя органы фактычна не адзначаюць дату 27 ліпеня 1990 года.

Беларускае Радыё Рацыя