Пра тое, што не тую краіну назвалі Нікарагуа



Мы дзесяцімільнымі тэмпамі набліжаемся да Нікарагуа. У гэтай цэнтральнаамерыканскай краіне таксама затрымліваюць патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Усіх вінавацяць у падрыве суверэнітэту. Тамтэйшы прэзідэнт Даніэль Артэга, якому цяпер 75 год, будзе балатавацца ў чацвёрты раз запар. А да гэтага ён таксама быў прэзідэнтам з 1985 па 1990 год. Апанентаў прэзідэнта Нікарагуа арыштоўваюць, у іх праводзяць ператрусы. Усіх абвінавачваюць у падрыве суверэнітэту. А ў падрыве суверэнітэту могуць абвінаваціць любога, хто заклікае ці вітае ўкараненне санкцый супраць Нікарагуа. Вам гэта нічога не нагадвае? Дарэчы, у 2009 годзе Вярхоўны суд Нікарагуа таксама адмяніў абмежаванні на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў. Не паверыце, але тамтэйшы парламент дадзенае рашэнне не зацвердзіў. Аднак гэта сітуацыю не выправіла. І Артэга ў 2016 годзе зноў стаў прэзідэнтам. А ягоная жонка віцэ-прэзідэнтам. Сваякі Артэгі займаюць ключавыя фігуры ў сістэме дзяржаўнага апарату.

Падаецца, што мы даганяем Нікарагуа. Але калі паглядзець на рэйтынг краін па ўзроўні палітычных і грамадзянскіх правоў, то Нікарагуа знаходзіцца на 153 месцы, а Беларусь – на 191-м. Так што ў плане палітычных і грамадзянскіх правоў, а дакладней у іх адсутнасці, яшчэ не вядома, хто каго даганяе. Горш за Беларусь толькі 18 рэгіёнаў. Сярод якіх Азербайджан, Самалі, Крым, Усходні Данбас, Сірыя і Тыбет.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ