Наталля Сліж: Калі занадта высокага роўню, то можаш і ляцець над гараскопам



Вялікія выпрабаванні летась і сёлета турбуюць беларусаў: калі ж усё гэта скончыцца і мы пяройдзем да нармальнага даковіднага жыцця? Да жыцця ва ўласнай краіне па ўласных правілах, дзе шануюцца правы беларусаў як гаспадароў на ўласнай зямлі? Ва ўсіх пошасцях, бачым, існуюць сілы не толькі зямныя, але і такія, на якія чалавек можа глядзець толькі як назіральнік. Пра гэта з  Госцем Рацыі Наталляй Сліж, гісторыкам-астролагам размаўляе наш карэспандэнт Якуб Сушынскі.

РР: Мы размаўляем 27 ліпеня –  у дзень, калі была абвешчаная Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Мы маем 30 год нашай гісторыі, як бачым – нічога не прадвызначана. Чалавек у розных абставінах, гістарычных эпохах спадзяецца на свае сілы або Бога. Але ёсць жа сілы, якія цяжка спазнаць звыкламу чалавеку?

Наталля Сліж: Астралогія таксама з’яўляецца, як яе часамі ў старажытнасці называлі, не проста нябеснай навукай, а навукай дадзенай ад Бога. Але тое, што заўсёды нам даецца, гэта наш гараскоп ад нараджэння, і ён даецца персанальна чалавеку. Ёсць гараскопы, якія надаюцца персанальна краіне, таму што дата стварэння краіны – гэта таксама гараскоп краіны, які далей мае вызначаны характар і ўплывае на многія падзеі. Таму, канешне, калі мы кажам менавіта пра  індывідуальны гараскоп, то гэта тое, што нам дадзена і тое, з чым нам давядзецца жыць усё жыццё.

РР: Ці ёсць нейкая канстанта? Вы сказалі, што ёсць індывідуальны гараскоп. Так, яны былі і пры адмоўных і станоўчых палітыках мінулага стагоддзя, пазамінулага, у гэтым стагоддзі. Але ж ёсць пэўная мяжа дзеяння гэтага гараскопу. Што з’яўляецца, на вашу думку, канстантай – сам чалавек, нябесныя свяцілы ці нейкія іншыя абставіны? Якія гэта могуць быць абставіны, што ўплываюць на сацыяльныя змены, на паводзіны чалавека і на  лёс краіны?

Наталля Сліж: Планеты былі заўсёды, Сонца свяціла заўсёды, і гэта ўжо, можна сказаць, канстанта. Адзінае, што, як свецяць планеты, як яны ўплываюць, гэта мяняецца ўвесь час. І кожны дзень мае сваю асаблівасць, сваю спецыфіку. Зразумела, што калі чалавек нараджаецца, ён атрымлівае і імпульс ад гэтых планет, і энергетыку, тое, што закладаецца ў ім. І з гэтымі дадзенымі, зноў жа ў залежнасці ад самога чалавека, можна нешта рабіць. Калі чалавек хоча ўдасканальвацца, таму што, напрыклад, ад прыроды ў яго можа быць высокая эмацыйнасць, чалавек можа навучыцца кантраляваць эмоцыі. Чалавек можа развіць больш дасканала свой лад мыслення. І, зразумела, што калі чалавек у сваім жыцці кіруецца, напрыклад, пэўнымі астралагічнымі парадамі, то зразумела, што пэўныя рэчы ідуць значна прасцей і лягчэй. Таму што звяртацца да спецыялістаў з пэўнымі пытаннямі будзе карысна. І чалавек не можа быць такім самым на працягу ўсяго свайго жыцця. Зразумела, што ён мяняецца: у дзяцінстве – адзін, у падлеткавым узросце – другі. І ўплыў планет змяняецца на кожны ўзрост. І ў гэтым плане астралогія дапамагае прыняць пэўныя этапы, прайсці значна спакайней, з большай вытрымкай.

РР: Мы жывём у ХХІ стагоддзі і не час абмяркоўваць крытыку з розных бакоў нашай супольнасці адносна астралогіі – за ці супраць. Думаю, што гэта права выбіраць кожнаму. Але гараскоп дае магчымасць ці ўсё ж ён можа паўплываць кардынальна на чалавека, на нацыю ў незалежнасці ад таго, як ён паводзіць пры рэкамендацыі гараскопа?

Наталля Сліж: Гараскоп, канешне, і дае магчымасці, і ўплывае да канца жыцця, таму што, напрыклад, стаць вышэй свайго гараскопа могуць толькі высокага развіцця людзі. І гэта сапраўды вельмі такая моцная праца над сабой. Гараскоп дае нам пэўныя ўмовы, таму што, напрыклад, мы не можам за сваё жыццё памяняць знак сонца, месяца і іншых планет. Але мы можам змяніць сябе, мы можам адпрацаваць пэўныя сітуацыі або мы можам гэтага не рабіць. І ў нас, напрыклад, будуць увесь час адны і тыя ж праблемы, пакуль мы з гэтага не зробім тыя ці іншыя высновы. Скажам так, што гараскоп дае нам пэўны калідор, а мы можам па ім хадзіць па правай сценцы, ці злева або – пасярэдзіне. Або, калі занадта высокага роўню, то можам і ляцець над гараскопам.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя