За свабоду палітвязняў і супраць катаванняў



За свабоду палітвязняў і супраць катаванняў. У Беластоку пройдзе чарговая акцыя салідарнасці. Важна падтрымліваць цікавасць да беларускага пытання, тым больш, што ў самой Беларусі сітуацыя не паляпшаецца: за кратамі шмат соцень палітвязняў, а агульную колькасць рэпрэсаваных немагчыма падлічыць.

Кажа прадстаўнік беларускай дыяспары ў Беластоку Мечыслаў Навагродскі, які арганізуе акцыю каля Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку:

–  Тая сітуацыя, якая адбываецца ў Беларусі, вельмі цяжкая. І таму мы будзем размаўляць пра тое, што можна палепшыць, каб становішча змянілася і нарэшце ўсталявалася дэмакратыя. Будзем патрабаваць, каб далі свабоду палітвязням, бо гэта немагчыма, каб у краіне ў цэнтры Еўропы было амаль 600 палітвязняў. Закрываюцца ўсе грамадзянскія арганізацыі, СМІ, блогерам таксама не даюць магчымасці працаваць, вельмі шмат людзей з’ехала.

Акцыя ў Беластоку пройдзе сёння, 27 ліпеня, у дзень прыняцця ў 1990 годзе Вярхоўным Саветам БССР Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Пачатак а 19-ай гадзіне па адрасе вул. Электрычная, 9. Спецыяльным госцем акцыі будзе ксёндз Вячаслаў Барок. Акцыя дазволена гарадскімі ўладамі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя