Пра тое, хто больш за ўсіх прайграе ад “зачысткі” прэсы



Беларусь і ў ранейшыя гады складана было назваць дзяржавай, якая ставілася б з павагай да прэсы. З году ў год нашая краіна, паводле крытэру свабоды слова, фігуравала ў разнастайных рэйтынгах і індэксах як адна з набольш рэпрэсіўных у свеце. Але да нядаўняга часу, нягледзячы на адмоўную рэпутацыю Беларусі ў вачах журналістаў, мы разумелі ў глыбіні душы, што айчынны аўтарытарызм не дацягвае да брутальнасці цэнтральнаазіяцкіх рэжымаў, напрыклад. Працу журналіста ў Беларусі, хоць і звязаную з пэўнымі рызыкамі, усё ж нельга было параўноўваць з работай рэпарцёраў незалежных СМІ ў тым жа Крыме і Данбасе пасля 2014 года, у КНР альбо ў шэрагу афрыканскіх дзяржаваў.

Аднак усё вельмі хутка змянілася. У 2021 годзе пасля разгрому рэдакцый парталу TUT.BY, “Радыё Свабода”, “Наша Ніва” і дзясяткаў рэгіянальных сайтаў беларускае грамадства апынулася ў іншай рэальнасці, якая ўсё больш нагадвае жыццё ва ўмовах акупацыі. Татальная “зачыстка” прэсы, лепшыя прадстаўнікі якой альбо кінутыя за краты, альбо вымушаныя эміграваць, альбо закрыць раты, суправаджаецца агрэсіўнай прапагандай. Каб глядзець афіцыйнае ТБ альбо чытаць сервільную прэсу, трэба мець не абы-якую вытрымку. Такое адчуванне, што некаторыя вядоўцы дзяржканалаў спаборнічаюць паміж сабой у тым, хто з іх больш падыходзіць на ролю сучаснай рэінкарнацыі Вільгельма Вайса. Каб не стан беларускага грамадства, прадстаўнікі якога ў асноўнай масе яўна пераўзыходзяць некаторых прапагандыстаў па ўзроўні адукацыі і чалавечых якасцях, генератары нянавісці маглі б паўтарыць поспех аўтараў “Свабоднага радыё тысячы ўзгоркаў”, эфіры якога спрычыніліся да генацыду тутсі ў Руандзе ў пачатку 1990-х.

Доўгія гады ў нашай краіне паміж прадстаўнікамі журналісцкай супольнасці праходзіла выразная мяжа. Адныя працавалі ў сервільных СМІ, іншыя спрабавалі даносіць праўду. Першыя, як правіла, спакойна дапрацоўвалі да пенсіі, атрымлівалі пэўныя жыццёвыя бонусы і прывілеі. Другіх перыядычна пераследвалі, але збольшага ім дазвалялі працаваць у пэўных рамках. Час ад часу некаторыя дзяржаўныя журналісты пераходзілі ў незалежныя СМІ. Яшчэ радзей былыя супрацоўнікі апазіцыйных выданняў уладкоўваліся на працу ў праўладныя медыя. Аднак, нягледзячы на вастрыню палітычнага супрацьстаяння, прадстаўнікі праўладнай журналістыкі і незалежная прэса збольшага не канфліктавалі паміж сабой, а суіснавалі ў суседніх вымярэннях. Раней публічна крытыкаваць калегаў з іншага лагеру лічылася моветонам. Зрэшты, многія з дзяржаўных журналістаў таксама прытрымліваліся нефармальнага кодэксу гонару, пісалі на нейтральныя тэмы, не чапалі сваіх апазіцыйна настроеных калегаў. А ў пазапрацоўны час выяўлялася, што ў журналістаў па абодва бакі барыкадаў не так ужо разыходзяцца погляды на жыццё.

Пасля драматычных падзей 2020 года паміж праўладнымі журналістамі і іх калегамі з іншага лагеру паўстала глухая сцяна. Дакладней, пры маўчанні першых і пры іх актыўным патуранні самым горшым праявам аўтарытарызму, незалежная прэса ў Беларусі ў ліпені 2021 года практычна перастала існаваць. Парадаксальна, але ўлада, якая, здаецца, можа адкаркоўваць шампанскае ў звязку з паспяховай “зачысткай” медыя, з’яўляецца насамрэч прайграўшым бокам. Па-першае, кіраўніцтва краіны страчвае крыніцы альтэрнатыўнай і аб’ектыўнай інфармацыі, у вынтку чаго знікае зваротная сувязь з грамадствам. Па-другое, з кожным днём праўладныя медыя пагружаюць уладу ў бурбалку гіперрэальнасці, якая мае мала супольнага з тым, як насамрэч жывуць людзі. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ