Мігранты асвойваюць новы кірунак?
На латвійска-беларускай граніцы затрымалі дзевяць іракцаў. Пра гэта паведамляе Дзяржаўная пагранічная ахова Латвіі.
Латвійскія пагранічнікі 26 ліпеня затрымала дзевяцярых грамадзян Ірака, якія незаконна перасеклі мяжу Беларусі і Латвіі. Мужчыны былі затрыманыя ў пасёлку Максімава недалёка ад латвійска-беларускай граніцы пасля паведамлення мясцовага жыхара.
Мігрантаў размясцілі ў Цэнтры затрыманых замежнікаў у Даўгаўпілсе. Пачата крымінальная справа аб незаконным перасячэнні мяжы ў групе.
Нагадаем, улады Латвіі ўзмацнілі ахову ўсходняй мяжы з-за наплыву мігрантаў у суседняй Літве. Пры гэтым з пачатку года на латвійска-беларускай мяжы былі затрыманыя толькі тры чалавекі. У Рызе паніжаную цікавасць мігрантаў да Латвіі тлумачаць невялікай працягласцю беларуска-латвійскай мяжы – усяго 172 кіламетры (для параўнання, мяжа Літвы з Беларуссю складае 502 км).