Дэпутаты Еўрапарламента заклікалі вызваліць праваабаронцаў Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча



Некалькі дэпутатаў Еўрапарламента заклікалі неадкладна вызваліць затрыманых прадстаўнікоў пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна” Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча. Адпаведную заяву апублікаваў у „Твітэры” еўрадэпутат Анджэй Халіцкі.

Заяву таксама падпісалі еўрадэпутат Бернар Гета і кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Роберт Бедрань.

„Мы вельмі занепакоеныя лёсам трох лідараў праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і яго заснавальніка Алеся Бяляцкага, якія былі затрыманыя і зараз знаходзяцца ў следчым ізалятары, — гаворыцца ў заяве. — Яны з неверагоднай мужнасцю прысвяцілі сябе прасоўванню правоў чалавека ў Беларусі. Яны працуюць над паляпшэннем жыцця сваіх суграмадзян, прапаноўваючы юрыдычную дапамогу і кансультацыі тым, хто пацярпеў ад парушэнняў правоў чалавека”.

Затрыманне праваабаронцаў у заяве яго аўтары назвалі „ганьбай”. „Беларускія ўлады павінны зразумець, што немагчыма пасадзіць у турму ўсё грамадства, якое ў мінулым годзе праявіла незвычайную мужнасць і рашучасць у барацьбе за свабоду, — падкрэсліваюць еўрадэпутаты. — Таму мы заклікаем да неадкладнага вызвалення Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і Алеся Бяляцкага. Іх незаконнае затрыманне толькі павялічвае дэлегітымацыю ўлады і абцяжарвае дасягненне сацыяльнага міру ў Беларусі”.

14 ліпеня ў Менску і іншых гарадах Беларусі падчас новай хвалі крымінальнага пераследу „трэцяга сектара” было праведзена не менш за 30 вобшукаў, затрымана больш за 10 чалавек, сярод якіх прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, грамадскія актывісты, у тым ліку кіраўнікі „Вясны” Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч.

belapan.by