Байдэн сустрэўся з Ціханоўскай (абноўлена)
Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Джо Байдэн 28 ліпеня сустрэўся з беларускім дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай, якая ажыццяўляе візіт у ЗША.
Пра сустрэчу паведамляе тэлеканал „Настоящее время” (сумесны праект „Голасу Амерыкі” і „Радыё Свабода”), карэспандэнт якога знаходзіцца на месцы падзей.
«Для мяне было гонарам сустрэцца са Сьвятланай Ціханоўскай у Белым доме сёння раніцай. ЗША падтрымліваюць народ Беларусі ў яго імкненьні да дэмакратыі і ўсеагульных правоў чалавека», — напісаў Джо Байдэн у Twitter.
«Я выходжу зь Белага дома з упэўненасцю, што голас мільёнаў беларусаў быў пачуты», — напісала Святлана Ціханоўская пасля сустрэчы.
«Стоячы ля Белага дома перад журналістамі, я спрабавала зразумець свае пачуцці пасля сустрэчы з прэзідэнтам Байдэнам. Але я тут не адна. За маёй спінай – 36 тысяч беларусаў, якія прайшлі праз арышты і катаванні. 10 з іх загінулі. Але ўсе яны гаварылі маім голасам на гэтай сустрэчы.
Прэзідэнт Байдэн сказаў, што ў свеце працягваецца барацьба паміж аўтакратыяй і дэмакратыяй. Я ведаю, што Беларусь у гэтай барацьбе знаходзіцца на перадавой. Таму я заклікала прэзідэнта Байдэна дапамагчы нам зрабіць Беларусь паспяховым прыкладам негвалтоўнага пераходу да дэмакратыі».
Візіт Ціханоўскай у ЗША пачаўся 18 ліпеня. Яна сустрэлася, у прыватнасці, з дзяржсакратаром Энтані Блінкенам, дарадцам прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам, іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі амерыканскай адміністрацыі, сенатарамі і кангрэсменамі.
21 ліпеня МЗС Беларусі назвала візіт Ціханоўскай у ЗША „двухтыднёвай турыстычнай паездкай, аплачанай за кошт сродкаў амерыканскіх падаткаплацельшчыкаў”.
Фота: pbs.twimg.com/media