Бацькі беластоцкіх першакласнікаў выбіраюць школы для дзяцей



У панядзелак стартаваў набор у пачатковыя школы Беластоку. Да 17 красавіка бацькі маюць магчымасць выбраць школу, ў якой з першага верасня будуць вучыцца іх дзеці. З мэтай заахвоціць бацькоў і дзяцей „Дзень адкрытых дзвярэй” правяла адзіная ў Беластоку публічная пачатковая школа, ў якой можна вывучаць беларускую мову. Вывучэнне мовы нацыянальнай меншасці зацікавіла многіх бацькоў:

– Па-просту хочам, каб нашыя дзеці, якія закончылі прадшколле, працягвалі вывучаць беларускую мову.

– Добра было б, каб дзеці ведалі беларускую мову. Бо было б лягчэцй прыняць людзей, якія размаўляюць на іншых мовах. Гэта вельмі добра ў сэнсе цярпімасці для дзяцей і моладзі.

– Наш сын жыве па-за раёнам, а нам вельмі залежыць на тое, каб ён вывучаў беларускую мову. І мы хочам запісаць яго ў школу №4. Маем надзею, што ў нас атрымаецца.

Вучань: Тут добрыя настаўнікі, тут прыемна вучыцца, ёсць тэатральны гурток на беларускай мове.

Беларускую мову ў пачатковай школе № 4 імя Сібіракоў у Беластоку вывучае цяпер каля 100 вучняў. За 20 гадоў у Беластоку намаганнямі прадстаўнікоў беларускай меншасці ўдалося стварыць магчымасць вывучаць беларускую мову на ўсіх этапах адукацыі ад дзіцячага садка да ліцэя.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток