Павел Усаў: ЗША адкрылі для сябе Беларусь і зрабілі яе новым фронтам



Палітычны аналітык Павел Усаў у нашым эфіры пракаментаваў сустрэчу Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. З аналітыкам пагутарыў Улад Грынеўскі.

– Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Джо Байдэнам. Сустрэчы на такім роўні ў прадстаўнікоў Беларусі даўно не было…

– Улічваючы, што гэта не дзеючы кіраўнік краіны, а выбраны прэзідэнт – Ціханоўская, якая па факце не прыступіла да выканання сваіх функцыяў з прычыны фальсіфікацый і брутальнай зачысткі палітычнай прасторы, то той факт, што афіцыйнае кіраўніцтва ЗША сустракаецца з Ціханоўскай – гэта безумоўнае прызнанне сімвалічнага лідара краіны. І гэта азначае, што прынамсі бліжэйшым часам ЗША будуць аказваць шырокую падтрымку нацыянальнаму руху, уласна Ціханоўскай і пашыраць палітычны ціск на рэжым Лукашэнкі. І таксама гэта азначае з пункту гледжання геапалітычнага, што вельмі важна для Беларусі тое, што ЗША гатовыя ўступіць у доўгую пазіцыйную барацьбу з Расеяй за ўплывы ў Беларусі. Канешне, Расея мае значна больш механізмаў. Але ЗША цалкам адчынілі для сябе Беларусь і зрабілі яе новым фронтам геапалітычнай барацьбы з аўтарытарнай Расеяй.

– Спадар Павел, удакладніце, калі ласка, статус Святланы Ціханоўскай у вашым разуменні. Ці не перабольшваем мы, калі кажам, што яна абрана як новы прэзідэнт Беларусі?

– Давайце вернемся ў часе на год назад. Усё сведчыць пра тое, што Ціханоўская атрымала значную большасць. Ясна, што Лукашэнка не набраў 80% па фактах фальсіфікацыі выбараў. У кожным разе, колькі б Лукашэнка не набраў галасоў, ён і яго атачэнне здзеснілі злачынства – парушылі Канстытуцыю, удзельнічалі ў масавых фальсіфікацыях, нават не беручы пад увагу тое, якія рэпрэсіі адбыліся пазней, тое збіццё людзей…Па факце, нават калі б Лукашэнка набраў больш за 50% галасоў, з пункту гледжання здзейсненых злачынстваў, ён не мог бы выконваць функцыі прэзідэнта. Безумоўна, што выбары былі фальсіфікаваныя, безумоўна ў іх не ўдзельнічалі фаварыты, такія як Бабарыка, але ў тых умовах, у якіх мы апынуліся ў жніўні 2020 года, Ціханоўская безумоўна з’яўлялася тым кандыдатам, які па ўсіх параметрах стаўся альтэрнатывай. І яна магла б заняць пасаду прэзідэнта, яе можна было б прызнаць часовым прэзідэнтам, легітымным прадстаўніком краіны, які выконваў бы свае абавязкі да моманту прывядзення заканадаўства ў адпаведнасць, да моманту, калі б былі падрыхтаваныя новыя прэзідэнцкія выбары. Усе вынікі паказваюць на тое, што Лукашэнка не перамог на апошніх выбарах,  ён іх фальсіфікаваў, а гэта азначае, што Ціханоўская па ўсіх фармальных параметрах можа называццца прэзідэнтам, які не прыступіў да выканання сваіх функцыяў. Як доўга гэты статус пратрымаецца – цяжка сказаць, але на даны момант сітуацыя выглядае менавіта так.

– Калі вярнуцца да самой сустрэчы, то што менавіта ў ёй важна – сам яе факт ці працягласць размовы?

– З пункту гледжання сімвалічнага, ідэалагічнага, геапалітычнага – гэтыя 15 хвілін – гэта дастаткова, гэта паказнік таго, што ЗША цалком падтрымліваюць памкненне беларускага грамадства да незалежнасці, свабоды і што ЗША на сённяшні момант як сымбаль дэмакратыі, сымбаль працы ўсіх дэмакратычных установаў. І, безумоўна, гэта дадатковая палітычная легітымізацыя Ціханоўскай. Бо такім легітымізатарам для Лукашэнкі знешнім з’яўляецца Пуцін, а для дэмакратычнай супольнасці на ўсёй постсавецкай прасторы – з’яўляюцца ЗША, якія паказваюць зацікаўленасць, паказваюць гатовасць да далейшых адносінаў і іх развіцця. І канешне з пункту гледжання сімвалічнага, ідэалагічнага для Ціханоўскай і дэмакратычнай супольнасці – гэта вельмі важна. Часам 15 хвілін маюць  большае значэнне, чым 5 гадзін размовы…

Поўнасцю слухайце гутарку ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя