Лекарам не дазволілі забраць у шпіталь Сцяпана Латыпава (абноўлена)
Лекары накіравалі Сцяпана Латыпава на дададковае абследванне, суд працягнецца заўтра.
Пасля абеду працягнуўся суд на палітзняволеным Сцяпанам Латыпавым, але без абвінавачанага. Суддзя Аляксандр Волк сказаў, што «ў сувязі з немагчымасцю працягу паседжання без прысутнасці абвінавачанага» суд працягнецца заўтра, 30 ліпеня, у 10:00. Але канкрэтнай прычыны, па якім Сцяпан Латыпаў адсутнічаў на працэсе, суддзя не агучыў.
Сам палітвязень цяпер у СІЗА-1 на Валадарскага.
* * *
Палітвязню Сцяпану Латыпаву выклікалі ў суд хуткую медыцынскую дапамогу, пра гэта паведамляе тэлеграм-канал „Вясна/Правы чалавека ў Беларусі”.
На працэсе Сцяпан заявіў хадайніцтва аб выкліку хуткай дапамогі, бо «працягла адчувае сябе дрэнна». Перад судом ён казаў, што раніцай у яго быў ціск быў 160 на 90. Сцяпан растлумачыў, што ў яго галавакружэнне і ён з цяжкасцю сочыць за працэсам.
«У камеры горача, паляць. З раніцы быў высокі ціск. Начмед зрабіў укол і адправіў сюды [на суд]. Лягчэй не стала», — сказаў Сцяпан.
Суддзя Аляксандр Волк задаволіў хадайніцтва.
Хуткая прыехала ў суд Савецкага раёна, фельчараў правярала ахова перад тым, як пусціць у залу лекараў. Праверылі сумкі і абмацалі. Пад дзвярыма залы суда лекары правялі каля 10 хвілін. Потым іх правялі праз іншы ўваход. Доўгі час нават адвакатка не ведала, што адбываецца з яго падабаронным. У абед, у 13:15, міліцыянт у цывільным паведаміў прысутным, што пасля агляду лекарамі Сцяпана Латыпава забралі ў лякарню. Але потым выйшла сакратарка і сказала, што суд працягнецца пасля абеду ў 14:05. Відавочцы бачылі, як хуткая з’ехала ад будынку суда без Латыпава. Дакладнае месцазнаходжанне Латыпава цяпер невядомае.
Як стала вядома, у Сцяпана ў СІЗА-1 назіраюцца праблемы са здароўем. У студзені ён перахварэў на COVID-19. І калі два месяцы таму ў лякарні яму зашывалі шыю ад парэза, то выявілі астаткавую пнеўманію. Таксама падчас зняволення ў яго фіксавалі прыступы арытміі.