Абарона Бабарыка паскардзіцца ў ААН на рашэнне беларускага суда
Абарона Віктара Бабарыка паведаміла, што рыхтуе наглядную скаргу кіраўніцтву Вярхоўнага суда, а таксама зварот у Камітэт ААН па правах чалавека.
Юрысты цяпер сочаць за тым, каб у калоніі ў дачыненні да экс-кіраўніка Белгазпрамбанка не было супрацьпраўных дзеянняў, піша Беларускі партызан са спасылкай на тэлеграм-канал палітыка.
«Сцвярджэнне аб невінаватасці Віктара Дзмітрыевіча — гэта не проста працэсуальная пазіцыя, гэта факт», — заявіў юрыст Дзмітрый Лаеўскі.
Лаеўскі таксама сцвярджае: «Абвінавачванне напісана так, што людзі яго не зразумелі, а працэс праведзены так, што ў гэтае абвінавачванне людзі не паверылі». На ягоную думку, гэта пэўны вынік, нягледзячы на абвінаваўчы прысуд.
Экс-кіраўніка «Белгазпрамбанка», прэтэндэнта ў прэзідэнты Беларусі Віктара Бабарыку Вярхоўны суд прысудзіў да 14 гадоў пазбаўлення волі. Былы банкір прызнаны вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай, а таксама ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэкса). Суд пастанавіў спагнаць з Бабарыкі ў даход дзяржавы больш за 47,7 млн. BYN.
Сваю віну экс-банкір не прызнаў. Праваабаронцы лічаць Бабарыку палітычным зняволеным. «Следства і суд па дадзенай справе адбываліся з грубейшымі парушэннямі прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва. Гэты несправядлівы і жорсткі прысуд яшчэ больш замацаваў нашую перакананасць у выключна палітычна матываным пераследзе Віктара Бабарыкі. Мы, як і раней, патрабуем ад улад Беларусі неадкладнага вызвалення Вікатара Бабарыкі, чальцоў яго ініцыятыўнай групы і выбарчага штаба», — сказаў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.