Гарадзенцаў запрашаюць на прэзентацыю трэцяга нумара „Новага Замка”



24 сакавіка ў Гародні адбудзецца прэзентацыя трэцяга нумара літаратурнага альманаха «Новы Замак». Пра гэта паведаміў нашаму радыё ўкладальнік нумара Сяргей Астравец:

–  Прэзентацыя пройдзе ў панядзелак, 23 сакавіка, у абласной бібліятэцы ў 16 гадзін. Новы нумар пачынаецца з рэпартажа з “Новага Замка” пад назвай “Рэцэпт апошняга караля”. А пасля традыцыйна ідуць рубрыкі: паэзія, проза, хроніка. Усяго 210 старонак. Гэты нумар атрымаўся трошкі меншы па аб’ёме за папярэднія два – там было 248.

У прэзентацыі возмуць удзел сябры Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Арганізатары імпрэзы запрашаюць на яе ўсіх жадаючых.

* * *

Пабачыў свет трэці нумар літаратурнага альманаха «Новы Замак», які выдаецца Гарадзенскім абласным аддзяленнем Саюзу беларускіх пісьменнікаў і асвятляе культурнае жыццё рэгіёна. Укладальнікам гэтага нумару, як і двух ранейшых, выступіў гарадзенскі празаік Сяргей Астравец:

–  Мне было цікава, каб людзі адчулі, што “Новы Замак” – гэта не толькі вокладка альманаха, але і прысутнасць гістарычнага духу, арыентацыя на гэта. Таму ў нумары ёсць адмысловыя гістарычныя матэрыялы. Хацелі таксама адзначыць 90-годдзе з дня нараджэння Васіля Быкава. Атрымалася даць два матэрыялы – Ігара Жука і Аляксея Пяткевіча. Гэта цікавыя ўспаміны пра Быкава.

Сярод  матэрыялаў нумару – успаміны Алы Петрушкевіч пра гарадзенскага паэта Юрыя Гуменюка. З’явілася таксама новая рубрыка “Фарбы Панямоння” пра мастакоў Панямонскага краю.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя