Беларускі лёгкаатлет Максім Недасекаў выйшаў у фінал гульняў у скачках у вышыню



Беларускі лёгкаатлет Максім Недасекаў выйшаў у фінал Гульняў у скачках у вышыню. У сваёй лепшай спробе прадстаўнік Віцебскай вобласці паказаў вынік 2 метры 28 сантыметраў. Яшчэ адзін беларус, Дзмітрый Набокаў, спыніўся на адзнацы 2,25 і завяршыў барацьбу за ўзнагароды. У фінальнай стадыі за медалі ў скачках у вышыню ў мужчын будуць змагацца 12 лепшых атлетаў. Яна прызначаная на 1 жніўня.

Дзюдаістка Марына Слуцкая саступіла ў другой сутычцы алімпійскага турніру

Дзюдаістка Марына Слуцкая ў вазе звыш 78 кг саступіла ў другой сутычцы алімпійскага турніру Хан Мі Джын з Рэспублікі Карэя. Сутычка насіла ўпарты характар, з узаемнымі шанцамі на поспех, аднак карэянка ў выніку была мацней і перамагла дзякуючы чыстаму прыёму „Кеса-гатамі”. Такім чынам, беларускія дзюдаісты завяршылі выступы на Алімпіядзе ў Токіа.

Вікторыя Чайка засталася па-за фіналу гульняў у стральбе на 25 м

Беларуска Вікторыя Чайка засталася па-за фіналу Гульняў у стральбе з пнеўматычнага пісталета на 25 м. Вынік дасведчанай спартоўкі – 36-е месца. Усяго ў вырашальную стадыю спаборніцтваў адбіраліся восем лепшых.

Спартсмены Кітая выйшлі ў лідары медальнага заліку Алімпіяды

Сёння атлеты зборнай Кітая сталі ўладальнікамі трох залатых і адной сярэбранага медалёў. Зараз у іх скарбонцы 31 узнагарода (15, 7, 9). Другое месца ў каманды Японіі – 25 (15, 4, 6), на трэцяй пазіцыі спартсмены ЗША – 38 (14, 14, 10). Чацвёртае месца займаюць расейцы – 28 (8, 11, 9).

Усяго сёння было разыграна 17 камплектаў узнагарод.

Ганна Марусова ня здолела выйсці ў 1/4 фіналу Гульняў у стральбе з лука

Прадстаўніца Беларусі Ганна Марусова саступіла ў 1/8 фіналу індывідуальнага першынства Алімпійскіх гульняў па стральбе з лука. Дасведчаная спартоўка саступіла Лучыле Баары з Італіі – 5:6. Беларуска вяла ў ліку доўгі час, аднак вымушана была прызнаць перавагу апаненткі, якая лепш правяла заключную серыю дуэлі. У камандным першынстве беларускія лучніцы занялі 4-е месца.

Беларускія футбольныя клубы вылецелі з еўракубкаў

Усе беларускія клубы завяршылі выступы ў еўракубкавых турнірах. Віцэ-чэмпіёны краіны футбалісты барысаўскага БАТЭ ў другім кваліфікацыйным раўндзе Лігі канферэнцый пасля гасцявой перамогі над батумскім „Дынама” 1:0 на сваёй арэне разгромна прайгралі – 1:4.

Берасцейскае „Дынама” двойчы з аднолькавым лікам 1:2 саступіла чэшскай „Вікторыі” з Пльзені. Уладальнікі бронзы мінулага беларускага чэмпіянату футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” не змаглі аказаць сур’ёзнага супраціву дацкаму „Капенгагену”, прайграўшы 1:4 і 0:5.

Чэмпіён Беларусі салігорскі „Шахцёр” пацярпеў дзве паразы ад люксембургскага клуба „Тола” – 1: 2 і 0: 1. Беларускія клубы выдалі горшы ў 21 стагоддзі еўракубкавы сезон. За ўсю гісторыю горш было толькі ў 1999 годзе, калі „Днепр”, БАТЭ і „Белшына” не змаглі набраць ні аднаго бала ў еўрапейскім рэйтынгу.

У Беларусі забралі яшчэ адзін спартыўны чэмпіянат

Менск не зможа прыняць найбуйнейшае спаборніцтва па спартовай хадзе ў 2022 годзе. Камандны чэмпіянат свету перанесены з Беларусі ў Аман.

Пра Беларусь у заяве „Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі” паведамляецца, што „ёсць дыпламатычныя складанасці і існуюць праблемы з падарожжамі ў гэтую краіну”. Беларусь атрымала права правесці гэты чэмпіянат яшчэ ў 2017 годзе. Першапачаткова планавалася, што ён пройдзе ў 2020 годзе, аднак з-за пандэміі камандны чэмпіянат свету быў перанесены на два гады. Нагадаем, раней Беларусь пазбавілі яшчэ некалькіх спартовых спаборніцтваў, самым важным з якіх быў Чэмпіянат свету па хакеі.

Беларускае Радыё Рацыя