Літва просіць склікаць пазачарговае пасяджэнне Савета юстыцыі і ўнутраных спраў ЕЗ



Літва просіць склікаць пазачарговае пасяджэнне Савета юстыцыі і ўнутраных спраў Еўразвяза ў сувязі з сітуацыяй на мяжы. З адпаведным зваротам да міністра ўнутраных спраў старшыні савета Славеніі выступіла кіраўнік МУС Літвы Агне Білатайце.

Па яе словах, прайшло ўсяго два тыдні з моманту апошняй сустрэчы міністраў унутраных спраў краін ЕЗ, на якой яна падрабязна інфармавала калег аб сітуацыі, і за гэты час колькасць нелегальных мігрантаў амаль падвоілася.

«Гэтая сітуацыя патрабуе неадкладных дзеянняў і рашэнняў. Літва зробіць яшчэ больш, каб справіцца з крызісам нелегальнай міграцыі», – сказала міністр, якую цытуе прэс-служба яе ведамства. У пасланні славенскаму калегу Білатайце заявіла пра неабходнасць канкрэтнай палітычнай, фінансавай і экспертнай падтрымкі, каб спыніць паток нелегальнай міграцыі і прадухіліць транзіт нелегалаў праз Літву ў іншыя краіны ЕЗ.

З 28 па 31 ліпеня ў Літве знаходзіцца дэлегацыя іракскіх дыпламатаў для абмеркавання праблемы нелегальнай міграцыі з Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: delfi.lt