Чарговага беларуса, пацярпелага ад рэпрэсій, Расея выдала Беларусі
Апеляцыйны суд у Маскве пацвердзіў рашэнне пра высылку 22-гадовага анархіста з Берасця Андрэя Казімірава ў Беларусь, нягледзячы на забарону Еўрапейскага суда па правах чалавека (ЕСПЧ). Пра гэта паведамляе „Новая газета” са спасылкай на Маскоўскую Хельсінкскую групу.
Казімірава затрымалі ў Маскве 14 студзеня і змясцілі ў СІЗА. У красавіку Генпракуратура Расеі задаволіла запыт Беларусі на экстрадыцыю анархіста, які абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 293 КК Беларусі ва ўдзеле ў „масавых беспарадках” у краіне ў жніўні 2020 года падчас пратэстаў супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах. Па гэтым артыкуле Казіміраву пагражае да васьмі гадоў калоніі.
У маі Масгарсуд пастанавіў выслаць Казімірава, аднак пазней ЕСПЧ забараніў экстрадаваць анархіста.
У канцы жніўня да Казімірава прыйшлі сілавікі з брэсцкага аддзялення Следчага камітэта, запрасілі яго на допыт, але пасля адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Анархіст збег у Расею. Праваабаронцы адзначаюць, што падчас пратэстаў сілавікі паранілі Казімірава гумовай куляй.
Таксама выданне паведамляе, што беларускі кікбаксёр Яўген Шабалюк, які выйшаў з маскоўскага СІЗА-4, дзе знаходзіўся з лютага 2021 года пасля арышту па запыце Менска, адразу ж ізноў затрыманы паліцыяй.
Праваабаронцы асцерагаюцца, што яго таксама могуць экстрадаваць у Беларусь, не дачакаўшыся абскарджвання рашэння Генпракуратуры Расеі.
Шабалюк — майстар спорту па кікбоксінгу, прызёр Кубка Беларусі, пераможца адкрытага Кубка Літвы і Латвіі — удзельнічаў у жнівеньскіх пратэстах у Беларусі. Ён быў затрыманы ў Маскве ў лютым 2021-га. Беларусь просіць экстрадаваць спартсмена ў рамках крымінальнай справы аб супраціве міліцыянеру (арт. 363 КК Беларусі).
22 ліпеня Расія таемна выдала Беларусі байца ММА Аляксея Кудзіна нягледзячы на забарону ЕСПЧ. Зараз Кудзін знаходзіцца ў мінскім СІЗА № 1. Яму таксама пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі па справе аб супраціве сілавікам падчас пратэстаў. Суд па яго справе пачнецца 4 жніўня.