Улады дазволілі павысіць цэны на малочную прадукцыю



Камісія па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце міністраў узгадніла павышэнне цэн на ўвесь асартымент малака, кефіру, смятаны, тварагу, цвёрдага і паўцвёрдага сыру, масла, паведаміла прэс-служба Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Рашэнне прынятае „ў мэтах кампенсацыі росту затрат на вытворчасць (увоз) і (або) рэалізацыю малака і малочных прадуктаў”.

Юрыдычным асобам усіх формаў уласнасці і індывідуальным прадпрымальнікам, якія ажыццяўляюць вытворчасць (увоз) і (або) рэалізацыю названай прадукцыі на ўнутраны рынак, да 31 жніўня дазволена павысіць цэны ў памеры, які не перавышае 4,9% (у залежнасці ад асартыменту і арганізацыі) адносна цэн на 28 лютага 2021 года.

Раней камісія дазволіла павялічыць цэны на рыс і дзіцячае харчаванне на 4%, хлеб і хлебабулачныя вырабы — на 4,9%. Таксама было дазволена павысіць цэны на сланечнікавы алей (на 15%).

23 лютага для стрымлівання росту цэн на сацыяльна значныя тавары ўрад прыняў пастанову № 100, якая з 24 па 28 лютага ўсталявала забарону на павышэнне цэн, а з сакавіка — вызначыла мяжу іх павышэння не больш як 0,2% за месяц. Павялічваць цэны вышэй за ўстаноўленую мяжу дазволена толькі з згоды камісіі па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце міністраў.

Прымаючы 1 сакавіка з дакладам старшыню Камітэта дзяржкантролю Васіля Герасімава, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць звяртаць увагу на цэнаўтварэнне не толькі ў дачыненні да тавараў паўсядзённага попыту. „Гэта ж не справа, што мы там 60 пазіцый узялі пад кантроль. Ведаеце, малако ўзялі пад кантроль, будзем прытрымлівацца. А вось масла — хай расце любымі тэмпамі цана? А што, нашы людзі масла не спажываюць? Таму і тут трэба пазіраць на цэнаўтварэнне”, — сказаў Лукашэнка. Паводле яго слоў, трэба выпрацаваць у глабальным плане палітыку цэнаўтварэння, „каб гэта нармальна выглядала, каб не рэтраградамі нейкімі былі, каб сапраўды дэфіцыт не стварыць, але і каб людзі бачылі, што няма неабгрунтаванага росту цэн”.

Спажывецкія цэны ў Беларусі ў чэрвені ў параўнанні з маем 2021 года выраслі на 0,7%, у параўнанні з снежнем 2020-га — на 5,8%, інфляцыя за апошнія 12 месяцаў склала 9,9%, пры гэтым цэны на сацыяльна значныя тавары выраслі на 8,6%. У чэрвені адносна мая цэны на харчовыя тавары павысіліся на 0,5% (з пачатку года — на 6%, за апошнія 12 месяцаў — на 9,1%), на нехарчовыя — на 0,7% (6,3 і 11,6%), на паслугі — на 0,9% (5,1 і 9,3%).

belapan.by