Прыхільніка Лукашэнкі пасадзілі на 6 сутак за майку супраць вакцынацыі
У Менску да 6 сутак арышту прысудзілі прыхільніка Аляксандра Лукашэнкі, паведамляюць праваабаронцы „Вясны”.
Егудзі Ігаэля затрымалі на праспекце Незалежнасці. Амапаўцам не спадабалася яго цішотка з надпісам „Против насильственной вакцинации”. У Ленінскім РУУС на мужчыну склалі пратакол — за несанкцыянаванае пікетаванне. Справу Егудзі 30 ліпеня разглядала суддзя Ленінскага раёна Таццяна Шоцік.
Адвакат хадайнічаў, каб да справы далучылі ліст ад працадаўцы, дзе гаворыцца, што Егудзі працуе ў фондзе „Адкрытыя сэрцы”, з’яўляецца пазаштатным карэспандэнтам газеты „Вечерний Могилёв” і робіць усё для падтрымкі дзеючага канстытуцыйнага ладу. На судзе мужчына некалькі разоў заяўляў пра парушэнне сваіх правоў і ўвогуле не разумеў, чаму яго судзяць. Таксама дадаў, што падтрымлівае Лукашэнку.
Беларускае Радыё Рацыя