Ціханоўская абмеркавала дапамогу Беларусі з бізнесменамі Крамянёвай даліны



Падчас візіту ў ЗША Святлана Ціханоўская правяла сустрэчы з беларусамі з Крамянёвай даліны, з якімі абмеркавала варыянты дапамогі людзям у Беларусі, паведамляе офіс палітыка.

Першая сустрэча прайшла ў фармаце дыскусіі з венчурнымі інвестарамі, топ-мэнэджарамі кампаній і прафесарамі з Даліны. У ёй прынялі ўдзел сузаснавальнік Veryfi Дзмітрый Біруля, выканаўчы прадзюсар Startup AddVenture Віталь Галомб, партнёр Foley & Lardner LLP Луі Леот, прадстаўнік Stanford University School of Engineering Бёртан Лі, Вольга Біруля (Facebook, UC Berkeley, Startup advisor), заснавальнік платформы для стартапаў Founders .ai і FriendlyData Міхаіл Румянцаў.

Цягам сустрэчы ішла гаворка пра важнасць бяспекі і законнасці для грамадства і бізнесаў у Беларусі, падрыхтоўцы рэформаў для будучага аднаўлення, развіцця і вяртання кампаній дадому. Бакі таксама абмеркавалі перспектывы вяртання прывабнасці Беларусі для інвестыцый, выбудоўванне адносін з профільнымі ўніверсітэтамі ў Токіо, Сеуле, Сінгапуры, працу IT-хабаў, якія дапамагаюць айцішнікам ўнутры Беларусі. Удзельнікі сышліся ў меркаванні пра неабходнасць арганізацыі канферэнцыі па тэме Tech (IT) і палітыкі ў кантэксце Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя