Беларускую лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую хацелі гвалтоўна вывезці з Токіа (абноўлена)



Крысціна Ціманоўская пакінула паліцэйскі ўчастак у аэрапорце і паехала ў бяспечнае месца на начлег. Са спартоўкай знаходзіцца адвакат у справах уцекачоў.

Прадстаўнік МАК заявіў, што камітэт займаецца справай Ціманоўскай і звярнуўся па тлумачэнні ў Нацыянальны Алімпійскі Камітэт Беларусі.

У інтэрвію «Трыбуне» Ціманоўская паведаміла са спасылкай на трэнэра нацыянальнай зборнай, што патрабаванне тэрмінова вярнуць яе ў Беларусь паступіла з вышэйшага, чым Міністэрства спорту, роўню.

***

Прадстаўнікі афіцыйнай каманды Беларусі спрабавалі прымусова выслаць лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую, ёй тэрмінова купілі білет на самалёт і адвезлі з рэчамі ў аэрапорт, паведамляе Фонд спартовай салідарнасці.

Заўтра ў яе павінен быў адбыцца старт на 200 метраў, прадстаўнікі зборнай яе не дапускаюць і адпраўляюць у Менск.

Як паведаміў Фонд спартыўнай салідарнасці, з Крысцінай Ціманоўскай ужо працуюць валанцёры і паліцыя.

Паводле спартоўкі, ніякіх прэтэнзій да яе за крытыку чыноўнікаў прадстаўнікі дэлегацыі Беларусі на Алімпіядзе ў Токіа не агучвалі. Ёй проста загадалі збіраць рэчы:

«Ніякіх прэтэнзій [агучана не было]. Мне проста сказалі збіраць рэчы і ляцець дадому». Гэта адбылося пасля таго, як Ціманоўкая скрытыкавала трэнерскі штаб на непрафесійныя дзеянні.

Як заявіла Крысціна Ціманоўская @euroradio, яна плануе прасіць прытулку ў Еўропе.

Крысціна Ціманоўская звярнулася ў Міжнародны алімпійскі камітэт і папрасіла пра дапамогу ў сувязі з ціскам на яе.

Кіраўнік еўрапейскіх Алімпійскіх камітэтаў Спірас Капралас запатрабаваў ад МАК неадкладнага ўмяшання ў інцыдэнт з дэпартацыяй Ціманоўскай. Міжнародны алімпійскі камітэт заявіў, што вывучае сітуацыю.

Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі пракаментаваў сітуацыю з Крысцінай Ціманоўскай.

Як сцвярджаюць у беларускай дэлегацыі на Алімпіадзе, лекары выдалі заключэнне аб „эмацыянальна-псіхалагічным стане” атлеткі, пасля чаго было вырашана адазваць яе заяўку на наступныя спаборніцтвы. Так супала, што „стан” бягухі выклікаў у лекараў „пытанні” пасля таго, як дзяўчына раскрытыкавала беларускіх спартовых функцыянераў. Пасля гэтага бягуху ўжо суткі палошча дзяржаўная прапаганда.

У сваю чаргу Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленне падлучае дыпламатычныя службы шэрагу краін Еўразвязу для аказання міжнароднай абароны Крысціне Ціманоўскай. Павел Латушка заклікаў дапаманчы Ціманоўскай, якую гвалтоўна хочуць вывезці з Токіа:

– Я прашу Міжнародны алімпійскі камітэт пра дапамогу. На мяне быў аказаны ціск, мяне спрабуюць вывезці з краіны без маёй згоды. Я прашу Міжнародны алімпійскі камітэт умяшацца.

У цяперашні момант, па звестках НАУ, Крысціна Ціманоўская знаходзіцца пад аховай японскай паліцыі. У аэрапорце знаходзяцца прадстаўнікі НАК Беларусі, якія робяць спробы вярнуць Крысціну ў Алімпійскую вёску. Раней Ціманоўская раскрытыкавала кіраўніцтва лёгкаатлетычнай федэрацыі, якое вырашыла паставіць яе на эстафету 4 па 400 метраў. Прапагандысты накінуліся на дзяўчыну, ніяк не адзначыўшы памылку кіраўніцтва беларускай каманды, якой абурылася Ціманоўская.

У размове з журналістамі Крысціна Ціманоўская заявіла, што плануе прасіць прытулак у Еўропе. Таксама яна распавяла акалічнасці яе вывазу з алімпійскай вёскі. Ніякіх прэтэнзій ёй не выказвалі, проста сказалі збіраць рэчы. У аэрапорт яе суправаджаў псіхолаг зборнай і яшчэ адзін прадстаўнік дэлегацыі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: t.me/zozhteam