Прэзентацыя кнігі пра кераміста Міколу Пушкара
Калі набліжалася дата – сто пяць гадоў з дня нараджэння мазырскага мастака-кераміста Міколы Пушкара, – Валянціна Кліменка, дырэктарка дзяржаўнага прадпрыемства «Музей-майстэрня мастака кераміста М.М. Пушкара» звярнулася да пісьменніка Анатоля Бароўскага, каб ён напісаў успаміны пра свайго сябра.
Але ён напісаў успаміны ў выглядзе кнігі “Мікола Пушкар – вязень, мастак, перасмешнік”. Шмат турыстаў наведвае музей з іншых краін СНГ, таму для іх і пераклаў аўтар свой жа тэкст і на рускую мову. І адразу ж старшы супрацоўнік “Музея-майстэрні Міколы Пушкара” Кацярына Мядзьведзева прапанавала аўтару правесці прэзентацыю ў памяшканні самога музея.
На фота: выступае аўтар кнігі
На сустрэчу з аўтарам-мазыранінам Анатолем Бароўскім прыйшло больш чым паўсотні чалавек.
Імпрэзу вяла Кацярына Мядзьведзева, старшы навуковы супрацоўнік аб’яднанага Мазырскага краязнаўчага музея. Ва ўступным слове яна высока ацаніла творчасць мастака Міколы Пушкара, прызналася, што яна шчаслівая кожны дзень сустракацца з яго глінянымі працамі, калі пачынае свой працоўны дзень. Ад іх заўсёды патыхае дабрынёй і светласцю, духоўным настроем і неспатольным гумарам.
Якім здзіўленнем для прысутных стаў паказ дакументальнага фільма “Дравасек, дзядок і тутэйшыя”, які быў зняты на кінастудыі “Беларусьфільм” амаль трыццаць гадоў таму. Здымаў фільм аператар Юры Марухін, каментаваў сваю сустрэчу з Пушкаром лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа пісьменнік Віктар Казько.
– А ці не хочаце, шаноўныя, пачуць голас самога Казько прама цяпер? Ён хоча прывітаць вас, – спытаў дазволу празаік.
І гэта была другая нечаканка для прысутных. Анатоль набраў нумар тэлефона, і ён тут жа адказаў на покліч. Ён прывітаў па гучнай сувязі ўсіх прысутных, падзякаваў, што яны шануюць памяць Пушкара, памятаюць яго, ганарацца ім. Падкрэсліў, што мы ўсе павінны ганарыцца сваімі геніяльнымі творцамі, бо імя мастака-кераміста вядома не толькі ў Беларусі, а і далёка за яе межамі.
Цікавым было выступленне вучня мастака Івана Кашаеда, які шмат чаму навучыўся ў свайго старэйшага сябра, і сваё ўменне і веды перадаваў навучэнцам будаўнічага вучылішча № 131, у якім ён працаваў. Шмат цёплых слоў у адрас мастака сказаў і другі яго сябра – гісторык Аляксандр Бобр. Цікавымі былі выступы Галіны Дашкевіч і Анатоля Малюка.
У заключэнні сваёй сустрэчы з мазыранамі Анатоль Бароўскі паставіў свае аўтографы ў кнігах, якія набылі чытачы.
Дырэктар аб’яднаных музеяў Мазыра Валянціна Кліменка ад імя ўсіх падвяла вынікі сустрэчы і падзякавала Анатолю Бароўскаму за цікавы аповяд пра свайго сябра, за тое, што ён высвеціў шмат якіх фактаў жыцця, пра якія не ведалі мазыране.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара