ЕЗ неабходна ўвесці санкцыі ў дачыненні да ўсіх уцягнутых у нелегальную міграцыю з Беларусі



Еўразвязу варта ўвесці санкцыі ў дачыненні да ўсіх уцягнутых у працэсы нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі. Такое меркаванне выказаў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс, каментуючы балтыйскаму інфармагенцтву BNS 2 жніўня інфармацыю аб павелічэнні авіярэйсаў з Ірака ў Беларусь.

„Падобна на тое, што дружалюбныя дыпламатычныя намаганні і ЕЗ, і Літвы з Іракам і Турцыяй не даюць выніку, — прыводзіць словы чыноўніка ў перакладзе на расейскую мову партал Delfi. — Ведамствы ЕЗ павінны прапанаваць пакеты санкцый для ўсіх [людзей], якія ўдзельнічаюць у кантрабандзе”.

Паводле слоў Ландсбергіса, самой Літве трэба брацца за татальную ахову мяжы. „Можа быць, гэта стане адзіным рашэннем, якое ўтрымлівае ад кантрабанды людзей”, — заявіў кіраўнік літоўскай дыпламатыі.

Еўракамісар па ўнутраных справах Ілва Ёхансан, якая цяпер знаходзіцца ў Літве, раней заявіла, што для вырашэння міграцыйнага крызісу „трэба зрабіць больш”. Разам з тым яна падкрэсліла, што ў дыскусіях аб скарачэнні колькасці авіярэйсаў і вяртанні мігрантаў у краіны паходжання Ірак і іншыя краіны „паводзяць сябе больш канструктыўна, чым яна чакала”.

„Зразумела, трэба працягваць прыкладаць гэтыя намаганні. <…> У ЕЗ шмат магчымасцяў у плане перамоў з трэцімі краінамі”, — сказала яна. Гаворачы аб магчымых рычагах Еўразвязу на перамовах з Іракам, Ёхансан заявіла, што ўжо прапанавала новыя меры, звязаныя з выдачай віз грамадзянам трэціх краін, калі канкрэтныя дзяржавы не выконваюць міжнародныя абавязацельствы пры вырашэнні пытанняў, якія тычацца міграцыі.

На прэс-канферэнцыі 2 жніўня ў літоўскім урадзе еўракамісар падкрэсліла, што ўвесь Еўразвяз падтрымлівае Літву ў справе абароны агульнай для аб’яднання мяжы з Беларуссю.

„Гэта правакацыя рэжыму Лукашэнкі (гаворка аб павелічэнні плыняў нелегальных мігрантаў з боку Беларусі. — БелаПАН.), і мы павінны паказаць, што няма вольнага доступу на тэрыторыю ЕЗ, — сказала яна. — Літва, ЕЗ, краіны Шэнгена павінны спыніць нелегальны доступ у Шэнгенскую прастору. Вось чаму мы, увесь ЕЗ, падтрымліваем Літву, каб мы маглі абараняць нашу агульную мяжу з Беларуссю”.

Ёхансан прыбыла ў Літву напярэдадні, каб азнаёміцца з сітуацыяй, звязанай з міграцыйным крызісам. 2 жніўня яна сустрэлася з прэзідэнтам Гітанасам Наўседам, прэм’ер-міністрам Інгрыдай Шыманіце і іншымі прадстаўнікамі ўлады. 1 жніўня ў Ёхансан адбылася сустрэча з кіраўніком літоўскага МУС Агне Білатайце. Еўрачыноўнік заявіла, што Літва сутыкнулася з выключнай формай агрэсіі, і запэўніла, што ЕЗ знойдзе сродкі і шляхі вырашэння праблемы нелегальных мігрантаў.

З-за рэзкага павелічэння колькасці нелегальных мігрантаў урад Літвы 2 ліпеня абвясціў экстрэмальнае становішча на нацыянальным узроўні. Кіраўніцтва краіны неаднаразова наўпрост абвінавачвала ўлады Беларусі ў садзейнічанні росту нелегальнай міграцыі. Да аховы мяжы прыцягнулі сілы іншых літоўскіх ведамстваў, армію, дапамогу аказваюць прадстаўнікі Frontex і памежнікі Эстоніі.

Паводле звестак Дэпартамента статыстыкі Літвы, за мінулыя суткі дзяржаўную мяжу з боку Беларусі перайшлі 287 нелегальных мігрантаў. З пачатку 2021 года на літоўска-беларускай мяжы перахоплена 3.832 мігранты — у 47,3 раза больш, чым за ўвесь 2020-га (81).

Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу Sky News Arabia (ААЭ) 19 ліпеня заявіў, што ў Літве ёсць „групоўкі злачыннага характару, чыё дачыненне да нелегальнай міграцыі ўяўляецца відавочным”. „Мы бачым. Чаму яны гэтага не бачаць? Як толькі яны ліквідуюць гэтыя групоўкі, якія за грошы прывозяць у Літву нелегальных мігрантаў, нелегальная міграцыя ў Літву будзе ніжэйшай, чым летась. Адзінкі будуць. Таму няхай пачынаюць працаваць. Калі ім патрэбна будзе дапамога, мы гэтую дапамогу ім акажам, але ўжо не бязвыплатна”, — адзначыў ён.

„Я б сказаў: факты на стол, што мы спрыяем нелегальнай міграцыі грамадзян трэціх краін у Літву. Ніхто нам такія факты, што мы заахвочваем або спрыяем гэтай міграцыі, на стол не паклаў. Тое, што праз тэрыторыю Беларусі нелегальная міграцыя ажыццяўляецца ў суседнія краіны Захаду, — гэта праўда”, — заявіў Лукашэнка. Ён параіў заходнім краінам шукаць прычыны росту патокаў нелегальнай міграцыі „ў сябе, на сваёй тэрыторыі”, перш чым папракаць Беларусь.

БелаПАН