Скачкі з каня ў ваду



Не праходзіць і тыдня, каб чыноўнікі РБ не ўляпаліся ў нейкі чарговы скандал. Днямі на авансцэну выйшлі куратары беларускіх алімпійцаў. Мы ўжо прывыклі, што айчынным спортам і яго асобнымі федэрацыямі кіруюць пераважна адстаўныя палкоўнікі і «крэпкія хазяйственнікі». Праўдападобна, што прафесіяналаў і адмыслоўцаў на чале нашага спорту хутка не застанецца ўвогуле. Тут можна прыгадаць як ледзь не адхілілі ад працы найбольш тытулаванага трэнера краіны – Мікалая Казеку. Можна глянуць таксама як адзін палкоўнік давёў да дэградацыі беларускі футбол, што цяпер варты жалю.

На алімпіядзе некампетэнтныя функцыянеры свае недапушчальныя пралікі, у выніку якіх не змаглі выступіць дзве бягунні, вырашылі паправіць вельмі арыгінальным чынам. Крысціну Ціманоўскую, якая спецыялізуецца на спрынце, чыноўнікі вырашылі заявіць у эстафету 4 па 400 метраў. Заткнуць, так бы мовіць, спартоўкай дзірку. Якая, маўляў, розніца – вось у канкуры конь, і ў гімнастыцы конь! А скачкі на батуце не так моцна адрозніваюцца ад скачкоў у ваду. Ну а трэнеры каманды паслухмяна з гэтым пагадзіліся. Гэтым скажуць – удзельнічаць у скачках з каня ў ваду – то і кінуцца выконваць.

Такое рашэнне выклікала справядлівае абурэнне самой Ціманоўскай, якая выказала свае стўленне і эмоцыі публічна. І вось тут пачалося – апрацоўка ў старых традыцыях савецкай спецслужбовай школы. Запіс настаўлення бунтаркі выкладзены ў інтэрнэце – ён дакладна перадае сутнасць справы. Ціманоўская з прапанаваным сцэнаром вяртання ў Беларусь не пагадзілася. Удзельнічаць у сваёй дысцыпліне ў Токіё ёй не далі, але будзем спадзявацца, што за новую Беларусь яна яшчэ выступіць неаднойчы.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ