Пасол Польшчы ў Токіа: Ціманоўская стомленая, напалоханая, але вельмі ўдзячная за дапамогу



Пасол Польшчы ў Японіі Павел Мілеўскі сустрэўся ў будынку дыппрадстаўніцтва з беларускай лёгкаатлеткай Крысцінай Ціманоўскай, якая атрымала польскую гуманітарную візу і можа ўехаць у краіну.

„Яна стомленая, напалоханая, але вельмі ўдзячная за дапамогу ў гэты выключна складаны перыяд яе спартыўнай кар`еры”, — падзяліўся ўражаннямі Мілеўскі ў „Твітэры”.

„Мы працягнем плённае супрацоўніцтва з японскім урадам, каб яна адчувала сябе ўпэўнена і ў бяспецы”, — падкрэсліў пасол.

Пасля выдачы візы намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач заявіў: „Беларуская атлетка Крысціна Ціманоўская знаходзіцца на прамой сувязі з польскімі дыпламатамі ў Токіа. Яна атрымала гуманітарную візу. Польшча зробіць усё, каб дапамагчы ёй працягнуць спартыўную кар`еру. Польшча заўсёды за салідарнасць”.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Ціманоўская прыляціць у Варшаву 4 жніўня.

1 жніўня Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі паведаміў, што трэнерскі штаб нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы прыняў рашэнне спыніць выступленне Ціманоўскай на Алімпіядзе-2020 у Токіа: „Згодна з заключэннем урачоў, у сувязі з эмацыйна-псіхалагічным станам беларускай лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай трэнерскім штабам нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы прынятае рашэнне аб спыненні выступлення спартсменкі на гульнях XXXII Алімпіяды. Такім чынам, адкліканая заяўка спартсменкі на ўдзел у кваліфікацыйных забегах на 200 м і ў эстафеце 4х400 м”.

Ціманоўскай купілі авіябілеты ў Менск праз Стамбул і прывезлі ў такійскі аэрапорт. Там яна звярнулася ў паліцыю па дапамогу. Адносна заявы НАК спартсменка паведаміла, што дактары яе не абследавалі.

„Я прашу Міжнародны алімпійскі камітэт аб дапамозе, — сказала спартсменка ў відэазвароце, запісаным у аэрапорце. — На мяне быў зроблены націск і мяне спрабуюць вывезці з краіны (Японіі. — БелаПАН.) без маёй згоды. Таму я прашу Міжнародны алімпійскі камітэт умяшацца ў гэта”.

Увечары 1 жніўня прэс-служба Міжнароднага алімпійскага камітэта паведаміла, што МАК і аргкамітэт Алімпійскіх гульняў у Токіа знаходзяцца ў кантакце з Ціманоўскай, якая на той момант была ў аэрапорце Ханэда.

Муж Ціманоўскай выехаў з Беларусі ў Кіеў.

У канцы ліпеня Незалежны орган па барацьбе з негатыўнымі з`явамі ў лёгкай атлетыцы (AIU) не дапусціў да ўдзелу ў Гульнях 20 спартсменаў, у тым ліку трох беларусаў, з-за недастатковай колькасці допінг-пробаў (мінімум тры допінг-пробы неабходна было здаць на працягу дзесяці месяцаў перад Алімпіядай у Токіа). Адхіленне беларусак Ганны Міхайлавай і Крысціны Мулярчык ад удзелу ў эстафеце 4 па 400 метраў паставіла пад пытанне ўдзел зборнай у спаборніцтвах 5 жніўня. Кіраўнікі каманды на вызваленыя месцы паставілі Эльвіру Герман і Крысціну Ціманоўскую, якія спецыялізуюцца на стаметроўках.

Ціманоўская ў сацсетках рэзка адрэагавала на такое рашэнне спартыўных чыноўнікаў, што стала прычынай крытыкі лёгкаатлеткі на дзяржтэлебачанні і праўладных старонках у сацсетках.

belapan.by