Святлана Гарда: Наша рэдакцыя застаецца дзеяздольнай



Як зараз выжывае выданне „Медыя-Палессе”? З якімі складанасцямі сутыкаецца? Якія наступствы некалькіх палітычна матываваных судоў? Ці прысутнічае самацэнзура? На такія ды іншыя пытанні дала адказы наша сённяшняя Госця Рацыі – галоўны рэдактар сеткавага СМІ „Медыя-Палессе” Святлана Гарда ў гутарцы з Алісай Поль.

 

РР: У якім стане зараз знаходзіцца «Медыя-Палессе»? Ці ёсць магчымасці для працы агулам?

Святлана Гарда: У добрым стане. Нягледзячы на тое, што за год фактычна мы тройчы перажылі суды. Адзін з якіх быў з апраўдальнай пастановай. Але ўсё ж такі яго перагледзелі і зноў нас пакаралі. І апошні суд прайшоў у нас 16 ліпеня. Да гэтага 8 ліпеня адбыліся ператрусы ў офісе рэдакцыі ў Лунінцы, у мяне, як галоўнага рэдактара, і таксама ў вядучых карэспандэнтаў выдання. У нас забралі ўсю тэхніку, усе носьбіты інфармацыі. Але рэдакцыя застаецца дзеяздольнай. І зараз, нягледзячы на тое, што мы раскіданыя, і ў Беларусі, і ў іншых краінах, сайт працуе. Колькасць наведвальнікаў у нас не памяншаецца. Ад нас чакаюць праўдзівай інфармацыі. І мы, здаецца мне, выконваем усе тыя мэты, якія ставім перад сабой.

РР: Распавядзіце, калі ласка, колькі судоў у вас ужо адбылося і якія вынікі?

Святлана Гарда: Судоў адбылося са штрафамі тры. Але першыя два суды абскарджваліся, пераглядаліся ў вобласці, і нарэшце вось апошні суд, яго пастанову мы пакінулі без разгляду, мы яе не абскарджвалі. Сёння мы лічым, што гэта не мае ніякага сэнсу, ўсё будзе так, як імі было задумана. Першы суд у нас быў за артыкул падчас пандэміі кавіду, у красавіку мінулага года. Суд праходзіў у той час, калі ў нас як раз ад каронавіруса памёр супрацоўнік. Другі суд быў за артыкул па Святлане Ціханоўскай. І вось трэці суд – гэта быў матэрыял, які быў зроблены на адным з нацыянальных парталаў, не буду называць, бо не жадаю калегам такіх жа праблем, якія адбыліся з намі. Апошні суд быў за матэрыял па «пінскай справе». Мы не можам асвятляць судовыя працэсы, якія адбываюцца ў Берасці, і таму мы зрабілі рэрайт, бо гэта тэма вельмі блізкая палешукам, там судзілі добрых знаёмых, судзілі падлеткаў, судзілі тых людзей, якія выйшлі на вуліцы на акцыі пратэсту. Усе яны атрымалі па 5-6 гадоў пазбаўлення волі. І мы за гэты матэрыял атрымалі 199 базавых з 200 магчымых, што складае 5771 рубель на сённяшні дзень. Да гэтага было 120 базавых. Таксама 200 базавых. І ўсё гэта нам прынесла ў рэгістрацыі сеткавага СМІ. У красавіку мінулага года мы сталі сеткавым выданнем.

Цалкам размова:

Размаўляла Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя