Суд над лідарам АГП Мікалаем Казловым зрабілі закрытым



У судзе Ленінскага раёна Менска 3 жніўня пачаўся суд над cтаршынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), сябрам асноўнага складу Каардынацыйнай рады Мікалаем Казловым, паведамляе spring96.org.

Яго судзяць па ч. 1 арт. 407 Крымінальнага кодэкса (разгалошванне дадзеных папярэдняга следства) за разгалошванне дадзеных па крымінальнай справе супраць Каардынацыйнай рады, але канкрэтныя эпізоды абвінавачвання невядомыя.

Раней Казлоў некалькі разоў адмаўляўся даваць падпіску аб неразгалошванні пасля допытаў у СК па крымінальнай справе супраць Каардынацыйнай рады. За гэта яго ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.

Суддзя Таццяна Шоцік зрабіла суд закрытым, абгрунтоўваючы гэта тым, што “ў матэрыялах крымінальнай справы ўтрымліваюцца дадзеныя папярэдняга следства, якія не падлягаюць разгалошванню”. На судзе Мікалай Казлоў сказаў, што не давярае суду і заявіў суддзі адвод. Але суддзя Шоцік пасля некалькіх хвілін у дарадчым пакоі прыйшла да высновы, што не давяраць ёй няма падставаў.

Лідару АГП пагражае штраф або да трох месяцаў арышту.