Ігар Банцэр: Пішыце лісты палітвязням!
Палітзняволены Ігар Банцэр, што знаходзіцца ў папраўчай установе адкрытага тыпу ў Віцебску, заклікае пісаць лісты ўсім палітвязням, што знаходзяцца за кратамі.
Кажа Ігар Банцэр:
– Заклікаю ўсіх працягваць пісаць не толькі нашым, якія знаходзяцца тут, у Віцебску, але ў кожную ўстанову трэба пісаць. Таму што лісты з волі вельмі падтрымліваюць. Асабліва, калі ты ў лагеры ці ў турме, гэта адзінае, што цябе падтрымлівае. І трэба пісаць абавязкова. Таму што, калі нават лісты і не даходзяць, адміністрацыя бачыць. Калі адміністрацыя бачыць падтрымку, гэта таксама важны фактар грамадскага ўплыву. Так бы мовіць ціску з боку грамадства, аб’яднанай супольнасці на органы, якія зараз праводзяць карныя аперацыі супраць уласнага народа.
Па ўсёй Беларусі за кратамі ў розных гарадах знаходзіцца больш за 600 палітвязняў. Разам з Ігарам Банцэрам у Віцебску знаходзяцца 10 палітвязняў, частка з якіх падпісала так званы “ліст Васкрасенскага” аб хуткім памілаванні і пакаянні, і, верагодней за ўсё, выйдзе “на волю”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча