Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларусамі ў Лондане
Падчас працоўнага візіту ў Вялікабрытанію Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у Лондане, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай.
«Я хачу падзякаваць вам, таму што гэтыя сустрэчы – як і перадапошні наш візіт у ЗША – гэта вынікі агульнай працы, у тым ліку і вашай актыўнасці. Галоўнае цяпер – працягваць гэтую працу, бо яна сапраўды ўплывае і на знешні ціск, і на дапамогу беларусам”, – сказала Ціханоўская.
„Жыць у Беларусі зараз рызыкоўна і страшна. Таму я стараюся на кожнай сустрэчы расказваць гісторыі розных людзей. Учора да нас звярнулася жонка палітзняволеннага Арцёма Анішчука. Ён знаходзіцца ў турме Магілёва, і апошнія тыдні да яго не пускаюць адваката. Таму што пасля апошняй сустрэчы адвакат распавёў, што Арцёма збіваюць і катуюць. Мы не маем права спыніць падтрымку тысячаў такіх, як Арцём. Пішыце лісты зняволеным, ахвяруйце, колькі можаце, іх сем’ям і ініцыятывам, якія дапамагаюць пратэсту. Рабіце гэтую дапамогу рэгулярнай і заклікайце сяброў, калег і знаёмых рабіць тое ж самае.
Год назад беларусы зрабілі свой выбар. І мы мусім трымаць адказнасць за тое, каб ператварыць яго ў нашую новую Беларусь», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.
Нагадаем, што падчас працоўнага візіту Святлана Ціханоўская правяла перамовы з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Барысам Джонсанам, а таксама сустрэлася з кіраўніком МЗС Вялікабрытаніі Дамінікам Раабам.
Беларускае Радыё Рацыя