Беларусь у эстафеце 4х400 м прадставяць Герман, Лімай, Блізьнюк і Хільмановіч
Беларусь у жаночай эстафеце 4×400 метраў на Алімпіядзе ў Токіо прадставяць Эльвіра Герман, Астэрыя Лімай, Юлія Блізьнюк і Аляксандра Хільмановіч. Кваліфікацыйныя забегі, дзе спартоўкі будуць змагацца за выхад у фінал, адбудуцца 5 жніўня. Эльвіра Герман спецыялізуецца на дыстанцыі 100 метраў з бар’ерамі, раней яна не ўдзельнічала ў забегах на 400 метраў на адкрытым паветры на афіцыйных спаборніцтвах. Нагадаю, што Крысціна Ціманоўская рыскрытыкавала рашэнне спартовых чыноўнікаў паставіць яе на гэтую дыстанцыю, за што яе хацелі выслаць у Беларусь, але яна вырашыла папрасіць прытулак у Польшчы.
Владарчык стала трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай
Полька Аніта Владарчык заваявала золата ў кіданні молата на Алімпіядзе ў Токіо. У лепшай спробе сусветная рэкардсменка кінула снарад на 78 метраў 48 сантыметраў. Срэбра павязе дамоў кітаянка Чжэн Ван, бронзу – яшчэ адна прадстаўніца Польшчы Мальвіна Копрон. Владарчык стала трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай, яна таксама перамагала ў Лондане і Рыа.
Зборная Іспаніі ў дадатковы час адолела каманду Японіі і выйшла ў фінал Алімпіяды
Зборная Іспаніі выйшла ў фінал футбольнага турніру на Алімпіядзе-2020 у Токіо. У матчы 1/2 фіналу „Чырвоная фурыя” ў дадатковы час адолела каманду Японіі – 1:0. Перамогу іспанцам прынёс гол хаўбека „Рэала” Марка Асэнсіа. У фінале іспанцы згуляюць са зборнай Бразіліі.
Кітайцы займаюць першае месца ў медальным заліку Алімпійскіх гульняў
Кітайскія спартоўцы заваявалі напярэдадні сем узнагарод і па-ранейшаму ўзначальваюць камандны медальны залік XXXII летніх Алімпійскіх гульняў у японскай сталіцы. Кітайскія атлеты паклалі ў сваю скарбонку 3 золата і 4 срэбра. Цяпер у іх 69 узнагарод. На другой пазіцыі зборная ЗША, трэцяе месца займае Японія. Алімпійская зборная Беларусі з золатам Івана Літвіновіча і бронзай Максіма Недасекава знаходзіцца на 49-м месцы. На алімпійскі п’едэстал ўжо падымаліся прадстаўнікі 84 каманд з 206 якія ўдзельнічаюць у Гульнях.
Экс-гулец „Шахцёра” і „Амкара” Сергей Балановіч падпісаў кантракт са „Слуцкам”
Беларускі паўабаронца Сяргей Балановіч падпісаў кантракт са „Слуцкам”. Балановіч раней выступаў за „Хвалю”, салігорскі „Шахцёр” і „Амкар”, выбіраўся ў зборную Беларусь. Апошнім клубам Сергея быў расійскім „Акронам” з другога дывізіёна.
Адамчук стала першай жанчынай – галоўны трэнерам у гісторыі чэмпіянатаў Беларусі па футболе
Алена Адамчук стала першай жанчынай, якая заняла пасаду галоўнага трэнера ў мужчынскім чэмпіянаце Беларусі па футболе. Яна ўзначаліла клуб „Пружаны” з другой лігі, паведамляе Футбол Брэстчыны. Адамчук выступала за „Бабруйчанку”, „Нёман”, „Надзею” і „Вікторыю”, абараняючы колеры зборнай Беларусі ў кваліфікацыі чэмпіянатаў свету і Еўропы, працавала трэнерам у ДЮСШ у Пружанах.
„Шахцёр” перамог бельгійскі „Генк”
Данецкі „Шахцёр” на выездзе адолеў бельгійскі „Генк” у першым матчы трэцяга адборавага раунда Лігі чэмпіёнаў з лікам 2:1. Сустрэчы ў адказ адбудзецца 10 жніўня.
„Чэлсі” можа павялічыць прапанову па Лукаку да 120 мільёнаў еўра
„Чэлсі” не губляе надзею падпісаць форварда „Інтэра” Рамэлу Лукаку. „Інтэр” адмовіўся ад прапановы ў 100 мільёнаў еўра + Маркас Алонса. Чакаецца, што ў бліжэйшы час лонданскі клуб павялічыць прапанову да 120 мільёнаў еўра + іншы гулец. У выпадку пераходу ў „Чэлсі” зарплата бельгійца будзе сур’ёзна павялічана. У мінулым сезоне 28-гадовы Лукаку правёў за „Інтэр” 44 матчы ва ўсіх турнірах, у якіх забіў 30 галоў і аддаў 10 выніковых перадач.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя