Школа



Ілля нарабіў гнілля – у Беларусі спачатку задажджыла, а потым і схаладала… Запахла восенню… Так, зусім крыху: наперадзе яшчэ ўвесь жнівень са сваімі зорамі і цвыркунамі.

І ўсё ж думкі пра восень нараджаюць думкі пра школу, а разам з гэтым – выдаткі, выдаткі і яшчэ раз выдаткі. Набор тавараў для малодшых класаў “заважыць” на суму ад 266 да 804 рублёў, а для старшакласнікаў – ад 349 да 978 рублёў. Тут і адзенне, і абутак, і галантарэя, і канцылярыя… У параўнанні з 2020 годам кошты ў сярэднім узраслі на 40-50 рублёў за асобу… Ёсць і добрая навіна! Растэрміноўка і крэдыт. Так-так-так, многае для школы можна набыць у растэрміноўку, а некаторыя банкі “шчодрай” рукой прапаноўваюць пазыкі на набыццё ўсяго неабходнага для школы.

Безумоўна, шчодрасць беларускіх пазыкаў не перавышае 13-14% гадавых… І тут ты згадваеш “злосных” буржуяў-капіталістаў, якія могуць набыць хату за крэдыт у 3-5% і аддаваць яго спакойна год 30… А потым вяртаешся да беларускіх рэалій, дзе трэба браць пазычку ды збіраць дзіця ў школу… І трэба быць моцна заможным чалавекам, беручы грошы пад такі працэнт! Зрэшты, застаюцца яшчэ чарніцы і сэканды… Або і тое, і тое: спачатку адпачынак і сямейны падрад у лясы, па ягады, а потым – маніторынг мясцовых крамаў з адзеннем ды абуткам былым у карыстанні… Добра, што яшчэ застаўся гэты ашчадны від шопінгу насуперак высілкам Беллегпраму… Вось і ў школу сабраліся, спадарства, гатова!

Радуемся – наперадзе месяц лета, сонца, вясёлак і дажджоў…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ