Супраць Вольгі Вялічкі пачалі яшчэ адну крымінальную справу



Заснавальніца і дырэктарка грамадскай дабрачыннай арганізацыі „Гарадзенскі дзіцячы хоспіс імя Святога Губерта” Вольга Вялічка прызнаная падазраванай па крымінальнай справе аб дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, паведамляе прэс-служба МУС.

„Аператыўнікі ГУБАЗіК ўсталявалі, што 37-гадовая Вольга Вялічка датычная да дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Гаворка ідзе пра так званы марш адзінства (6 верасня 2020 года. — БелаПАН.), які прайшоў у Гродне восенню мінулага года, — гаворыцца ў тэлеграм-канале афіцыйнага прадстаўніка ведамства. — Разам з іншымі ўдзельнікамі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства жанчына выходзіла на праезную частку, блакуючы рух, а таксама стаяла „ў счэпцы”, аказваючы непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыянераў”.

„Следчыя далі прававую ацэнку дзеянням затрыманай і прызналі падазраванай па крымінальнай справе, распачатай за ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. У цяперашні час фігурантка хаваецца ад следства за мяжой”, — адзначана ў паведамленні.

У МУС заяўляюць, што раней у дачыненні да Вялічкі распачалі крымінальную справу за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены ў буйным памеры. Сцвярджаецца, што ў 2018 годзе яна „скрала грошы, якія хоспіс сабраў на куплю апарата ШВЛ хвораму дзіцяці, а таксама якія прызначаліся для рамонту службовага памяшкання (работы там не праводзіліся)”.

31 ліпеня Вялічка паведаміла на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, што беларускія ўлады ўнеслі яе ў спіс асоб, якiх адшуквае Інтэрпол. „Я ў спісах Інтэрпола. Так-так, разам з тэрарыстамі, наркагандлярамі… і я. Такое вось прызнанне”, — напісала яна.

Вялічка была сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі на леташніх прэзідэнцкіх выбарах, незалежным назіральнікам. Восенню 2020 года яна разам з дзецьмі вымушаная была з’ехаць з Беларусі.

У снежні мінулага года дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Гродзенскай вобласці распачаў у дачыненні да яе справу паводле ч. 3 арт. 210 Крымінальнага кодэкса (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі).

belapan.by