На Альманах знайшлі новы для Беларусі від стракоз



Да гэтага лета ў афіцыйным спісе стракоз нашай краіны значылася 67 відаў. Нядаўна падчас экспедыцыі ў заказніку рэспубліканскага значэння «Альманскія балоты» арнітолаг Дзяніс Кіцель сфатаграфаў 68-ы від — страказу малую блакітную (Orthetrum coerulescens (Fabricius, 1798)).

На Альманы Дзяніс прыехаў, каб правесці маніторынг поспеху гнездавання глабальна пагражальнага віду птушак — вялікага арляца. Арнітолаг расказаў пра тое, як зрабіў адкрыццё:

— Мы пераночылі ў лесе на заходняй мяжы балота, недалёка ад вёскі Альманы Столінскага раёна, і а сёмай раніцы 24 ліпеня я ўжо выйшаў на балота. Чатыры гадзіны назіраў праз трубу і бінокль за парай арляцоў, каб высветліць, ці ёсць у іх сёлета гняздо з птушанём. А 15-й гадзіне я вяртаўся назад і, пераходзячы ручай, звярнуў увагу на блакітную страказу, што сядзела за 20 сантыметраў ад зямлі. Больш за ўсё страказа нагадвала знаёмы звычайны від — страказу рашэцістую (Orthetrum cancellatum), але нешта ў ёй было іншым. У тым месцы, дзе ручай разліваецца па сцяжыне, Дзяніс заўважыў адразу двух самцоў і самку гэтага віду стракоз. Іх паводзіны адрозніваліся ад паводзінаў рашэцістай страказы. Самцы не адляталі далёка ад ручая, а, зрабіўшы круг у дзесяць метраў, вярталіся назад на свае прысады. У афарбоўцы страказы таксама былі адметныя рысы: цалкам блакітны хвост і шырокія жоўтыя птэрасцігмы — плямкі на канцах крылаў.

Фотаздымкі, якія зрабіў Дзяніс, ужо паглядзелі вядучыя еўрапейскія спецыялісты па стракозах і пацвердзілі правільнасць вызначэння. Адзін з найвялікшых балотных заказнікаў краіны яшчэ раз даказаў сваю ўнікальнасць.

З’яўленне гэтага віда ў Беларусі было спрагназавана яшчэ 15 гадоў таму. Стракозы — хуткія драпежнікі, якія, як і птушкі, могуць пераадольваць сотні і тысячы кіламетраў і такім чынам пашыраць свой арэал. На мапе распаўсюджання відаць, што страказа ёсць амаль паўсюль вакол Беларусі, але дагэтуль не хапала доказаў знаходжання яе ў нас. Цяпер гэтыя доказы з’явіліся.

budzma.by