Крысціна Ціманоўская прыляцела ў Варшаву (абноўлена)
Крысціна Ціманоўская прыляцела ў Варшаву. Кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка апублікаваў у сацыяльных сетках інфармацыю, што спартоўка ўжо ў Варшаве і змясціў сваё фота разам з Крысцінай.
Пасля пасадкі самалёта на лётнішчы імя Фрыдэрыка Шапэна Крысціна не выйшла ў залу прыбыцця, дзе яе чакалі дзясяткі журналістаў і людзі, якія прыйшлі выказаць ёй сваю салідарнасць.
Першапачаткова меркавалася, што 4 жніўня Крысціна вылеціць з Токіо ў Варшаву, аднак па меркаваннях бяспекі вырашана было змяніць маршрут, і беларуска села ў самалёт да Вены.
* * *
Самалёт, у якім ляцела беларуская лёгкаатлетка, прызямліўся ў сталіцы Аўстрыі, паведамляе карэспандэнт AFP.
У аэрапорце яе сустрэў дзяржаўны сакратар Міністэрства навакольнага асяроддзя Аўстрыі Магнус Брунэр. Крысціна Ціманоўская раней атрымала польскую гуманітарную візу. Да адлёту з Токіо яна знаходзілася ў амбасадзе Польшчы ў японскай сталіцы.
Першапачаткова меркавалася, што 4 жніўня Крысціна Ціманоўская вылеціць з Токіо ў Варшаву, аднак па меркаваннях бяспекі вырашана было змяніць маршрут, і беларуска села ў самалёт да Аўстрыі, піша Deutsche Welle. Адтуль, праўдападобна, яна неўзабаве накіруецца ў Польшчу, якая выдала Ціманоўскай гуманітарную візу і паабяцала ёй далейшую юрыдычную дапамогу, а таксама спрыянне ў працягненні спартовай кар’еры.
Афіцыйны прадстаўнік польскага ўраду Пётр Мюлер паведаміў, што Польшча выдзеліла гуманітарную візу таксама мужу Крысціны – Арсенію Зданевічу. Кіраўнік беларускага Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка мае інфармацыю, што неўзабаве Ціманоўская прыляціць у Варшаву.