У Ваўкавыску затрымалі намесніка старшыні Партыі БНФ Юрыя Меляшкевіча



Пра затрыманне паведаміў у Facebook іншы намеснік старшыні Вадзім Саранчукоў. «Спачатку спыніла ДАІ, знайшлі налепку — даставілі ў РАУС. Узялі тэлефон і ноўт на вывучэнне», — расказаў Вадзім Саранчукоў Hrodna.life.

Юры Меляшкевіч таксама — актывіст Руху «За Свабоду», арганізацыі, якая цяпер знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі, і намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры». Удзельнічаў у арганізацыі летніка па аднаўленні старых могілак у вёсцы Ізабелін, ладзіў летнік па прыборцы руінаў пахавання Бохвіцаў у маёнтку ў Падароску.

Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў зараз затрыманы ў межах крымінальнай справы. Ён — адзін з абвінавачаных па справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». Вядома, што праз праблемы са здароўем яго перавялі ў турэмны шпіталь.