Агляд СМІ: Эстонія рыхтуецца да міграцыйнага крызісу



Эстонія рыхтуецца да міграцыйнага крызісу, Еўразвяз просіць Кіеў скасаваць для жыхароў Украіны магчымасць мець адразу два замежныя пашпарты, два чалавекі загінулі і яшчэ каля 30 чалавек параненыя ў выніку сутыкнення двух цягнікоў у Чэхіі.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Антона Разумоўскага:

– Улады Эстоніі падрыхтавалі тры планы дзеянняў, якія будуць прымяняцца ў залежнасці ад складанасці сітуацыі на мяжы, заявіў міністр унутраных спраў Крысц’ян Яан, перадае тэлерадыёкампанія ERR. У прыватнасці, адзін з планаў складаецца ў закрыцці знешніх межаў. Гаворка ідзе пра ўсходнюю мяжу з Расеяй і паўднёвую – на мяжы з Латвіяй. Мяжа ахоўваецца памежнікамі і тэхнічнымі прыладамі, і адначасова ідзе актыўнае будаўніцтва агароджы на паўднёвым усходзе краіны. Нагадаю, што ўцекачы на ​​мяжы Літвы і Беларусі зладзілі беспарадкі. У намётавым лагеры жывуць 380 чалавек, якія незаконна перасеклі мяжу Літвы з Беларуссю. Беларусь рэзка павялічыла лік рэйсаў з Ірака на фоне крызісу міграцыі. Расклад аэрапорта ў Менску сведчыць пра тое, што Беларусь наўмысна прывозіць мігрантаў і адпраўляе іх у Літву.

Еўразвяз просіць Кіеў скасаваць для жыхароў Украіны магчымасць мець адразу два замежныя пашпарты для паездак за мяжу. Пра гэта паведамляе Еўрапейская праўда, спасылаючыся на чацвёртую справаздачу Еўракамісіі ў рамках механізму прыпынення бязвізавых рэжымаў. Сваю просьбу Еўропа аргументуе фактамі, калі ў Польшчы былі затрыманыя ўкраінцы, якія мелі на руках некалькі пашпартоў. „У дакументах, выдадзеных украінцам, былі розныя асабістыя дадзеныя, якія маглі б дазволіць ім заставацца ў ЕЗ за межамі абмежавання 90 дзён у любы 180-дзённы перыяд”, – прыводзіцца прыклад у дакументах. У Еўропе падкрэсліваюць, што чакаюць ад Украіны не проста спынення практыкі выдачы двух пашпартоў, а і ануляцыі ўжо выдадзеных дадатковых пашпартоў. Нагадаю, раней украінскія нардэпы прапанавалі Вярхоўнай Радзе аўтаматычна пазбаўляць грамадзянства Украіны асобаў, якія добраахвотна атрымалі расейскі пашпарт.

Два цягнікі сутыкнуліся каля вёскі Мілавчэ паміж станцыямі Домажліцэ і Бліжэеў каля васьмі гадзін раніцы ў Чэхіі. Пра гэта паведамляе выданне Lidovky. Два чалавекі загінулі, сем знаходзяцца ў крытычным стане, каля 30 чалавек параненыя. Вядома, што адзін з цягнікоў ехаў з Пльзеня ў Мюнхен. Другі цягнік – пасажырскі. „Хутчэй за ўсё, Expres павінен быў спыніцца ля знака „Stop”, ён праехаў міма і сутыкнуўся з пасажырскім цягніком”, – паведаміў міністр прамысловасці і транспарту Чэхіі Карэл Гавлічэк. „Усё абсталяванне, якое было ў эксплуатацыі спраўнае, чалавечы фактар ​​немагчыма цалкам прадухіліць”, – дадаў Гавлічэк.

У Нігерыі не менш за 68 чалавек загінулі ў выніку нападу. Зламыснікі ноччу напалі на дамы ў штаце Кадуна – загінулі па меншай меры 68 чалавек, знішчаныя дамы і сельскагаспадарчыя ўгоддзі.  Пра гэта паведамляе Daily Post. Узброеныя людзі напалі на чатыры вёскі ў ноч на аўторак. Яны забілі 68 чалавек, падпалілі 63 дома і знішчылі 68 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў. Раней у Нігерыі баевікі напалі на пяць вёсак, дзясяткі забітых. Баевікі напалі на вёскі пасля таго, як мясцовыя жыхары забілі двух іх саўдзельнікаў, паколькі тыя пагражалі ім зброяй. Таксама паведамлялася, што ў Нігерыі з палону баевікоў выратавалі 100 чалавек. Праваахоўнікі вялі доўгія перамовы з баевікамі, прымусіўшы іх безумоўна вызваліць людзей.

Урад Шатландыі прапануе жадаючым пераехаць на адну з цяжкадаступных і маланаселеных выспаў Шатландыі гранты ў памеры да  50 тысяч фунтаў, паведамляе Daily Telegraph. Як тлумачыць газета, такім чынам шатландскія ўлады маюць намер змагацца з адтокам насельніцтва з тэрыторый, дзе для маладых людзей няма працы і перспектыў. Па словах выдання, грашовыя сродкі будуць прадастаўлены дарослым людзям працаздольнага ўзросту і сем’ям на куплю дома і стварэнне бізнэсу ў аддаленых районах. Пры гэтым людзі, якія ўжо  пражываюць на гэтых тэрыторыях, таксама могуць атрымаць права на грант, калі пагодзяцца застацца на месцы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: AFP